Ці трэба вярнуць нашай краіне гістарычную назву «Літва»? У Віцебску прайшла сустрэча з Уладзімірам Арловым

Витебск

перапоўненая зала ледзь магла змясьціць усіх прыхільнікаў творчасці вядомага беларускага пісьменьніка, паэта і гісторыка

Як высьветлілася, людзей, якія захапляюцца кнігамі Ўладзімера Арлова, у абласным цэнтры шмат. Перапоўненая заля ледзь магла зьмясьціць усіх прыхільнікаў творчасьці вядомага беларускага пісьменьніка, паэта і гісторыка, піша «Віцебская вясна».

Ці трэба вярнуць нашай краіне гістарычную назву «Літва»? У Віцебску прайшла сустрэча з Уладзімірам Арловым
Фота vitebskspring.org

Нягледзячы на свой яшчэ адносна малады ўзрост, Уладзімер Арлоў ужо даўно пасьпеў увайсьці ў гісторыю айчыннай літаратуры і стаць яе клясыкам. Шмат каму ён вядомы па такіх гістарычных аповесьцях, як «Дзень, калі ўпала страла», «Асьветніца з роду Ўсяслава» і іншых творах.

Пачаў сустрэчу пісьменьнік з маленькай самапрэзэнтацыі:

«Я – палачанін паводле нараджэньня, гісторык паводле адукацыі і літаратар, у якога былі дэбютныя публікацыі ў студэнцкім самвыдаце, пасьля чаго са мной размаўлялі сур’ёзныя літаратуразнаўцы з маёрскімі званьнямі ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. Што было такім маім першым значным ганарарам. І я вырашыў, што я буду працягваць пісаць. І з таго часу напісана і выдадзена шмат кніг у розных жанрах».

Каб дадаць трохі драйву, спадар Уладзімер прапанаваў правесьці пры канцы конкурс на найлепшае пытаньне. І раздаў усім ахвотным аркушы паперы. На працягу ўсёй сустрэчы людзі пісалі пытаньні і перадавалі запіскі.

Цікавасьць віцяблян была вельмі разнастайнай. Пісьменьніка пыталіся: якім чынам можна спыніць фальсыфікацыю выкладаньня гісторыі ў школах і адкуль чэрпаецца натхненьне для напісаньня твораў; як ставіцца пісьменьнік да перайменаваньня вуліцы Суворава ў Віцебску ў вуліцу Напалеона Банапарта; ці складаў ён ўласны радавод і ці трэба вярнуць нашай краіне гістарычную назву «Літва».

Падчас сустрэчы Ўладзімер Арлоў ня толькі прэзэнтаваў свае кнігі, чытаў вершы, але і разважаў пра ролю мовы і культуры ў жыцьці беларускага народу.

«Наша мова і гістарычная памяць бароняць межы дзяржавы мацней за любую армію», – упэўнены пісьменьнік.

Прэзэнтуючы кнігу «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», пісьменьнік адзначыў:

«Мы, беларусы, жывём на эўрапейскім раздарожжы. І на такім тэктанічным падзеле паміж Усходам і Захадам, паміж Эўропай і Азіяй нашы продкі змаглі стварыць багатую эўрапейскую культуру, якая зьяўляецца пропускам у нашу эўрапейскую будучыню. Нашы продкі ня толькі карысталіся дасягненьнямі эўрапейскай цывілізацыі, часткай якой было Вялікае Княства Літоўскае, але і вельмі часта апярэджвалі сваіх суседзяў і давалі прыклад суседнім народам сваёй талерантнасьцю і адсутнасьцю рэлігійных войнаў».

Слухачы былі ўражаныя ня толькі мастацкім талентам пісьменьніка, але і той непадробнай шчырасьцю і сумленнасьцю, якімі былі прасякнутыя яго словы, калі ён распавядаў пра свае дзіцячыя мары, пра гісторыю сваёй сям’і. Наўрад ці мог пакінуць кагосьці абыякавым яго аповед пра тое, як ў 1933 годзе яго дзед Максім і яшчэ 17 мужчын па матчынай лініі былі рэпрэсаваныя і расстраляныя па сфальсыфікаванай справе. І як потым ён шукаў у архівах КДБ хоць якую-небудзь інфармацыю пра гэта.

Завяршылася сустрэча з чытачамі традыцыйнай для такіх мерапрыемстваў аўтограф-сэсіяй.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий