Прыніжэнне і псіхалагічны гвалт за бела-чырвона-белы сцяг над галавой

Общество

жанчыну на Акрэсціна прымусілі распранацца, прысядаць, не давалі спаць  і нешта падсыпалі ў ежу

"За гэты мой перфоманс 500 баксаў штрафу", - напісала Вольга пад гэтым фотаздымкам у сваім Фэйсбуку
“За гэты мой перфоманс 500 баксаў штрафу”, – напісала Вольга пад гэтым фотаздымкам у сваім Фэйсбуку

Вользе Нікалайчык 48 гадоў, яна не замужам, не мае дзяцей і займаецца свабоднай творчасцю. Але Вольга ніколі не заставалася ўбаку ад падзей, якія адбываліся ў краіне. Жанчына прымала ўдзел ва ўсіх вясновых акцыях, у тым ліку і 25 сакавіка. У той дзень Вольга разам с сяброўкай Наталляй і яе сынам прыехалі ў цэнтр горада, але там усё было ацэплена.

«Людзі стаялі паасобку, – расказала Вольга. – І мы зразумелі, што трэба нешта зрабіць, каб усе згуртаваліся. Таму мы ўзнялі бела-чырвона-белы сцяг над галавой. Прастаялі так літаральна хвіліну, затым падскачылі людзі ў форме, выхапілі сцяг, а нас пад рукі – і ў аўтобус».

Жанчын завезлі ў Першамайскі РАУС, адабралі рэчы і больш не вярнулі, хаця, па словах Вольгі, абяцалі. У аддзеле засталіся не толькі два сцягі (дарэчы, прыватная ўласнасць спадарыні Нікайлайчык), але і жаночы шалік, ножык і адвёртка (іх Вольга носіць с сабой, бо не працуюць замкі ў хаце).

Амаль гадзіну ўсе затрыманыя стаялі на вуліцы тварам да сцяны, нягледзячы на тое, што ішоў мокры снег. Прычым калі жанчынам дазволілі апусціць рукі, то мужчыны ўвесь гэты час трымалі іх над галавой. Затым дзве гадзіны ўсе прабылі ў спартыўнай зале, і толькі пасля гэтага людзей пачалі адпускаць ці афармляць.

«Мяне прымусілі распрануцца дагала, адрэзалі пояс ад кашэміравага паліто, і ўсё гэта здымалі на мабільны тэлефон, – распавяла Вольга.- Прычым, жанчыны ў форме вялі сябе горш за мужчын, сапраўдныя зондаршы. Было бачна, што ім прыносіць задавальненне тое, што яны робяць».

Пасля Вольгу і Наталлю прывезлі ў турму Акрэсціна. Першая атрымала 10 сутак, другая – 7.

«Там мне загадалі не толькі распрануцца, але і прысядаць, каб праверыць, што ў мяне нічога няма ў заднім праходзе, – расказала Вольга.  – Я папрасіла тады, што следам за мной зойдзе сяброўка Наталля, каб яе не прымушалі гэта рабіць, бо ў яе хворыя суставы. Дзіўна, але да мяне прыслухаліся».

Па словах Вольгі, у турме на Акрэсціна – поўная ізаляцыя: лісты не даходзілі, хаця жанчына дакладна ведае, што сябры ёй пісалі. Не было і радыё. Кожны дзень у камерах рабілі ператрус, каб адшукаць алоўкі ці ручкі. А ў першую ноч жанчынам не давалі спаць: яны змянілі тры камеры.

«Большасць людзей, што працуе там, на маю думку, псіхічна хворыя, тыповыя садысты, якія атрымоўваюць асалоду ад таго, што робяць. Акрамя таго, мне падаецца, што нам у ежу нешта падсыпалі, каб мы дрэнна сябе адчувалі, – расказала Вольга. –Была страшэнная слабасць, балелі вантробы, у нас была дыярэя».

Аднак жанчына атрымала яшчэ і чэк на аплату за знаходжанне ў турме і даведалася, што адзін дзень там каштуе 11 рублёў.

«Так і хочацца зайсці ў якое-небудзь кафэ ці кулінарыю, набыць там нармальнай ежы на гэтую суму і сфатаграфаваць, каб усе пабачылі, што ў прынцыпе можна набыць на 11 рублеў у нармальных умовах», – расказала Вольга.

Па словах жанчыны, пасля ўдзелу ва ўсіх акцыях у яе не толькі штрафаў на агульную суму 10 тысяч даляраў, але і значныя праблемы са здароўем. Не так даўно яна перанесла гіпертанічны крыз. Да таго ж у Вольгі за неўплату штрафаў апісалі і арыштавалі маёмасць.

Таксама нагадваем, што гісторыі іншых беларусак, якія не спужаліся выйсці на вуліцы гарадоў, каб выказаць сваю пазіцыю, можна прачытаць тут і тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. Pavel Makarsky

    Были бы у Ольги Николайчик в 48 лет МУЖ, ДЕТИ И НОРМАЛЬНАЯ РАБОТА некогда было бы всякой ерундой заниматься.

    Ответить