Site icon Витебский Курьер

“Мова нанова” прыйшла ў “Ляльку”

Захапляльная сустрэча ў рамках курсаў развіцця нацыянальнай мовы і культуры адбылася ў Беларускім тэатры “Лялька”.

Бясплатныя курсы беларускай мовы, якія месцяцца ў Культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо г. Віцебска “Дзвіна”», часта вандруюць па розным установам. 28 кастрычніка сустрэча сяброў беларускай мовы адбылася ў “Лялькі”. Адпаведна, і культурная праграма была вельмі шырокай.

Перш за ўсё наведвальнікам было прадстаўлена традыцыйнае батлеечнае відовішча з рэлігійным сюжэтам пра цара Ірада. Батлейка, якая прыналежыць тэатру, выканана па ўзору магілёўскай батлейкі канца XIX стагоддзя. А само відовішча прадстаўлялі акцёры Юрась Франкоў і Ганна Сцепанец.

Дзеянне развівалася на двух паверхах. Першы паверх адлюстроўвае эпізоды, якія належаць зямной, “грэшнай” рэчаіснасці.

На другім паверсе разгортваюцца дзеянні, якія адносяцца да “вышэйшага свету” альбо да падзей сакральнай гісторыі, што і было ў дадзеным выпадку, калі паказвалася гісторыя, звязаная з нараджэннем Хрыста.

У выніку цар Ірад, які загадаў згубіць усіх немаўлятаў, быў пакараны за свае злачынствы. Да Ірада з’яўляецца Смерць, якая здзяйсняе пакаранне, а Д’ябал сцягвае яго ў пякельную бездань. Сюжэт павучальны, бо ён раскрывае ўсе наступствы супрацьстаяння Святлу.

Наступная частка сустрэчы прадстаўляла сабой заняткі па беларускай граматыцы, якія традыцыйна праводзяць Сяржук Маркаў і Таццяна Дубоўская. Гэта было сапраўды ўражлівае блуканне па невядомых сцежках роднай мовы, і вывад напрошваўся сам сабой: удасканаленне ўласных ведаў ніколі не заканчваеццаю Заданні былі вельмі цікавыя, і прысутныя ахвотна прымалі ўдзел у аналізе моўных асаблівасцей. Але ж было вельмі мала тых, хто даваў правільныя адказы.

Каб чытачы ўявілі сабе ўсю займальнасць падобных заняткаў, прывядзём адзін прыклад. У адным з пытанняў на паперы быў рад словазлучэнняў, сярод якіх патрабавалася знайсці тыя, што напісаны без памылак.

Але ж, як аказалася, усе яны напісаны з памылкамі. Правільныя адказы такія:

а) за пяць кіламетраў ад мяне

б) хварэць на ангіну

в) прабачце мне

г) рагатаць з сябра

д) дзівіцца з прыгажосці

е) ажаніцца з сяброўкай

ё) хадзіць па лясах ды балотах

ж) бачыць на свае вочы

з) пяць разоў на тыдзень

і) загадчык лабараторыі

Гэта сваеасаблівасці беларускамоўных канструкцый, якія трэба запомніць.

А потым акцёры тэатра Аляксандр Маханькоў, Юрась Франкоў і Ганна Сцепанец распавядалі прысутным аб асноўных паняццях лялечнага тэатра. Гледачы маглі даведацца, што тантамарэска – гэта лялька, у якой лялечнае цела і галава чалавека, чыстая змена – гэта змена дэкаратыўнага афармлення на вачах у гледача, а бутафорыя прадстаўляе сабой спецыяльна зробленыя прадметы, якія выкарыстоўваюцца ў спектаклі замест сапраўдных рэчаў. Пры гэтым усе тэатральныя тэрміны былі відавочна прадэманстраваны гледачам, што выклікала іх самую непадробленую зацікаўленасць, закрашаную гумарам.

А пасля тэатральнага слоўніка Аляксандр Маханькоў распавёў “бывалінкі” з акцёрскага жыцця.

І ў заканчэнні асаблівая ўвага была нададзена значнай падзеі. 28 кастрычніка быў Дзень нараджэння мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра “Лялька” Віктара Клімчука. Таму прысутным было прапанавана, выкарыстоўваючы лялькі і маскі, павіншаваць яго. Акцёры тэатра спачатку шукалі найбольш смелых і артыстычных.

У выніку розныя групы гледачоў віншавалі Віктара Клімчука, і атрымалася гэта непасрэдна, весела і артыстычна.

“Віцебскі кур’ер” таксама віншуе мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра “Лялька” Віктара Ігнатавіча Клімчука з Днём нараджэння і жадае моцнага здароўя, поспехаў, творчага натхнення і новых тэатральных адкрыццяў.

Exit mobile version