Проста. Для гэтага трэба мець талент любіць тое, што робіш. Трэба быць дужым і упэўненным. Рыгор Піліпавіч Клікушын — гэта мог.
4 снежня 2021 года яму б споўнілася 100 гадоў. Ды стагоддзя выдатнага графіціста, аўтара шрыфтоў, і караля лінагравюры Віцебскі Краязнаўчы музей падрыхтаваў выстаўку — «Спадчына майстра».
Нарадзіўся Рыгор Клікушын у Цюменскай вобласці ў вёсцы Сладкова. Скончыў Омскае мастацкае вучылішча. Да пачатку другой сусветнай вайны вучыў дзяцей маляванню ў роднай вёсцы. У 1941 яго прызвалі ў войска і да 1945 года ён быў картографам і тэлеграфістам у Навасібірскім вайсковым штабе.
Пасля заканчэння вайны прыехаў у Віцебск вучыцца ў Педагагічным інстытуце і застаўся тут на ўсё жыццё.
Віцебск — мая любоў
Не аднойчы мастак казаў пра любоў да роднага горада і Радзімы. Яго творчасць — сведка патрыятызму.
Большасць экспанатаў «Спадчыны майстра» — эцюды і замалёўкі родных мясцін.
Мяне асабліва ўразіла грандыёзнасцю алоўкавая праца — «Мост будуецца», 1959 года стварэння.
Тушшу і пяром майстэрскі адлюстраваны «Мост Пушкіна» (1950г.) і «Кіраўскі мост праз Дзвіну» у той жа тэхніцы (1960 г.).
Празрыстымі колерамі акварэлі расквечаны вытанчаныя графічныя штрыхі «Віцебскай Ратушы» ( 1959 г.) і малюнак «Перспектыва», 1953 года ўражвае лёгкімі фарбамі.
Мастацкі музей змясціў на выставе да 100-годдзя Рыгора Клікушына некалькі аўтапартрэтаў. Дэманструюцца партрэты сучаснікаў мастака ўласнага аўтарства.
Творы Рыгора Піліпавіча ўражваюць. Здаецца, перфекцыяніст Клікушын не дапускаў ні воднай недасканалай рысы.
Асаблівасцю гэтай юбілейнай выставы сталі лінагравюры. Лепей за Рыгора Піліпавіча ў Віцебску ніхто не мог зрабіць эстамп. Яго ўласныя дэкарацыі кніг, адбіткі паштовак, партрэты і эцюды — майстэрскі дасканалая праца.
Пад шклом вітрын матрыцы — тонка рэзаныя на лінолеўме і дрэве.
Такая тэхналогія друку жыве з часу Францыска Скарыны. Стагоддзямі гэтым спосабам тыражавалі кнігі, малюнкі, плакаты ,паштоўкі і іншыя друкарскія вырабы.
Сёння ў практычнай дзейнасці старадаўнія тэхналогіі друкарстава амаль не запатрабаваны, але студэнтам мастацкага напрамку гэта абвязкова патрэбна. Наш Педагагічны і Тэхналагічны Універсітэт карыстаецца распрацоўкамі Клікушына і зараз.
А нам на памяць засталіся кнігі Багушэвіча, Коласа, Крапівы, Кляшторнага, а так сама сусветныя літаратурныя шэдэўры: «Віконт дэ Бражэлон» Дзюма, «Джэн Эйр» Брантэ, «Дон Кіхот» Сервантэса, «Салдат Швейк» Гашэка і вершы Гейне з мастацкім шармам ілюстрацыямі Клікушына.
Спецыяліст музея Алена Крывенькая, ў сваім выступе расказала, што ў фае музея, ўпершыню, дэманструюцца фотаздымкі Рыгора Піліпавіча, зробленыя Валерыем Галубцовым і Уладзімірам Залозным.
На фота мастак з роднымі, сябрамі, працаўнікамі Віцебскай тыпаграфіі і студэнтамі.
Ёсць кадры з выстаўкі напярэдадні 90-годдзя творцы — «Дар неацэнны». Пасля гэтай выставы ў 2012 годзе Рыгор Піліпавіч падараваў Краязнаўчаму музею 2400 экспанатаў.
Тады ж Фонды Абласнога краязнаўчага музея, архіў і бібліятэкі Віцебска ўзбагаціліся яго кнігамі, дзённікамі і асабістымі дакументамі.
Калі чалавек займаецца ўлюблёнай справай, то ён нясе радасць у свет
Дачка Клікушына Вольга, сябры і знаёмыя, якія прыйшлі на выставу «Спадчына майстра» у Краязнаўчым музей, успаміналі, якім вясёлым і таленавітым чалавекам быў майстар.
Яго любілі і студэнты, і супрацоўнікі, і дзеці. Па ўспамінах сучаснікаў, Клікушын быў лепшым загадчыкам Кафедры малюнка і жывапісу мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірова (пазней Універсытэта Машэрава) за ўсе гады існавання .
Пасаду загадчыка кафедры ён заняў у 1964 годзе. З прыходам новага настаўніка з’явіўся і новы курс —Школьная дэкаратыўная справа.(ШКД). Гэты, на першы позірк сумны курс, пад кіраўніцтвам Клікушына ператварыўся ў самі цікавы: шрыфты, арнаменты, шаржы, прасцейшая тэхніка гравюры, мастацкае праектаванне захаплялі моладзь. А калі ён танюткім пэндзлікам «вавёрчын хвост» ці пяром выводзіў літары шрыфту, то здавалася навакол ноты гучалі стройнай мелодыяй.
З Клікушыным у інстытуце з’явіўся афортны станок, на якім друкаваліся лінагравюры, чорна-белыя і каляровыя гравюры на кардоне.
Разам з ім студэнты зладзілі студэнцкую газету, распачалі ставіць спектаклі і праводзіць мноства цікавых мерапрыемстваў. Клікушын рэжісірваў і выконваў ролі ў некаторых пастаноўках. Цікава, што ён меў і тэатральную адукацыю.
Гумар — шлях да даўгалецця
У 1970 годзе вольны дух загадчыка кафэдры не прыйшоўся даспадобы кіраўніцтву інстытута. Як было прынята, на яго грукнулі, куды патрэбна.
Пачатак брэжнеўскага застою балюча прайшоўся па ўсім вольным і неардынарным людзям.
Клікушыну, у тым ліку, адпомсцілі за талент і незалежнасць. Яго абвінавацілі ў палітычнай «неагляднасці» і амаральных паводзінах. Судзілі і забаранілі педагагічную дзейнасць.
Гумар і аптымізм дапамог Клікушыну выжыць. А Віцебская друкарня папоўнілася выдатным друкаром-гравюрыстам. Тут ён працаваў доўгія гады. Калегі, за шматтомную калекцыю савецкіх анекдотаў, называлі мастака–афарміцеля «Віцебскім Юрыем Нікуліным». (10 тамоў народнай творчасці перададзеныя ў Віцебскі архіў).
Таленавіты мастак дапамагаў парадамі супрацоўнікам і нават на пенсіі часта наведваў друкарню.
Музыка ў жыцці мастака
Другой, пасля мастацтва, творчай любоўю Клікушын называў музыку.
Па сведкам дачкі Вольгі, бацька дома рэдка іграў і пеў. Здаецца яму не хапала прасторы ў кватэры. Затое дома была выбітная калекцыя пласцінак з музычнымі творамі. Любімым спеваком быў Лучана Павароці.
Сяброўка дачкі Рыгора Піліпавіча Алена Марчанка, з цеплынёй успомніла дзяцінства і вячоркі ў сям’і Клікушыных. Яна расказала, што мастак меў цудоўны голас, а любімай песняй была «La Paloma» Сабасцьяна Ірадера (у перакладезе «Галубка»), якую яна выканала на скрыпцы.
Кароль шрыфтоў
Калі кажуць пра недасяжнае майстэрства графікі, то называюць прозвішча Рафаэля, а калі кажуць пра выбітныя гравюры і вынаходлівасць шрыфтавога майстэрства, то ў Беларусі называюць Клікушына.
Асаблівасць шрыфтоў Клікушына — іх жывая душа. Ён надаваў літарам кірыліцы жывое падабенства з вобразам. Напрыклад, шрыфт Вольга быў вытанчаны як дачка мастака, а шрыфт у гонар унука «Піліпок» выйшаў пухнаценькім і гарэзлівым, як маленькі мядзведзік.
Вольга Клікушына на адкрыцці выставы распавяла:
«Шрыфт у майго бацькі нараджаўся. Ен не рэзаў літары, вызваляў з паперы, надзіраючы аркуш. Гэта быў чароўны працэс з меладычным атачэннем прадзёртай паперы.
Шрыфты Клікушына і зараз галоўны падручнік сучаснага мастака-афараміцеля.
Не кожны ведае, што некаторыя шрыфты камп’ютэрных графічных праграм распрацаваны паводле работы Клікушына. Дарэчы, бацька ў сталым узросце дасканала асвоіў камп’ютар і працаваў на ім да апошніх дзён».
А я выйшла з выставы з думкай ці марай, што мо праз гадоў 100 нашы патомкі захочуць вярнуць Віцебску аўтэнтычны вобраз. Горад многа згубіў у гады вайны. А канчаткова сцерлі гарадскія рысы нетутэйшыя пасляваенныя ўлады. Захаваныя гарадскія пейзажы Клікушына — гэта жывая памяць горада.
Калі вам цікава то прыходзьце ў Мастацкі музей убачыць усе сваіма вачыма.
«Фотавыстава Вольная тэма» у Цэнтры сучаснага мастацтва на Таўстога, 7