Меркаванне віцебскага гісторыка: «Трагедыя айцоў БНР у тым, што яны апярэджвалі свой час»

Авторские статьи

і як паўплывала абвяшчэнне БНР на далейшую гісторыю Беларусі

У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 года, было абвешчана аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта перыяд БНР многія лічаць першым этапам на шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці, а дэмакратычная грамадскасць нашай краіны 25 сакавіка святкуе Дзень Волі.

Пра Беларускую Народную Рэспубліку і тое, як яна паўплывала на далейшую гісторыю Беларусі мы пагутарылі з кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Анатолем Дулавым.

Меркаванне віцебскага гісторыка: «Трагедыя айцоў БНР у тым, што яны апярэджвалі свой час»
Анатоль Дулаў. Фотаздымак Сашы Май

Анатоль Мікалаевіч, ці можам мы гаварыць пра БНР як пра паўнавартасную дзяржаву?

У геапалітычных умовах, якія склаліся на 1918 год, БНР было наканавана стаць толькі спробай стварэння нацыянальнай беларускай дзяржавы. Хаця Беларуская Народная Рэспубліка і мела некаторыя атрыбуты дзяржаўнасці, не было галоўнага – рэальнай улады над землямі, якія павінны былі ўтварыць тэрыторыю рэспублікі.

Трагедыя айцоў БНР, на мой погляд, у тым, што яны апярэджвалі свой час. Аб’ектыўныя умовы для ператварэння Беларусі ў незалежную дзяржаву адсутнічалі. Немалаважна, што ў большасці беларусаў яшчэ не склалася нацыянальная самасвядомасць. У сваёй асноўнай масе беларускае насельніцтва было сялянскім, і яго хвалявала не нацыянальная ідэя, а зямельнае пытанне.

Рада БНР
Члены першага складу Народнага Сакратарыята. Фота reibert.info

Некаторыя называюць БНР нямецкім праектам. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?

Сапраўды, германскі фактар адыграў важную ролю ў спробе ўтварэння БНР, што вынікала з тагачасных рэалій: рэспубліка была абвешчана на тэрыторыі, акупаванай Германіяй. Але БНР была не нямецкім, а выключна беларускім праектам! Асновы яго былі закладзены ў рэзалюцыі Першага Усебеларускага з’езда, які праходзіў у снежні 1917 года ў Мінску і быў разагнаны бальшавікамі. Праўда, гаворкі пра незалежную дзяржаву ў рашэннях з’езда не было. Яго ўдзельнікі выказаліся за захаванне Беларусі на правах аўтаноміі ў складзе Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі.

Абвяшчэнне ж БНР, а потым яе незалежнасці, варта разглядаць у якасці рэакцыі на ўмовы ганебнага Брэсцкага міру, які фактычна адрываў акупаваную немцамі частку Беларусі ад Расіі.

А тэлеграма, накіраваная кайзеру Вільгельму ІІ 25 красавіка 1918 года кіраўніцтвам Беларускай Народнай Рэспублікі ад імя Рады, якая ўрэшце выклікала раскол як у Радзе, так і ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе, была нічым іншым, як спробай апоры на Германію ў рэалізацыі беларускага праекта.

 У той час, зыходзячы, напрыклад, з падтрымкі Германіяй Украінскай Народнай Рэспублікі, гэта не выглядала нечым фантастычным. Але германскі ўрад бачыў у Беларусі хутчэй задатак пад кантрыбуцыю, якую павінна была выплаціць Савецкая Расія, і не быў зацікаўлены ў падтрымцы беларускай дзяржаўнасці.

Меркаванне віцебскага гісторыка: «Трагедыя айцоў БНР у тым, што яны апярэджвалі свой час»
Паштоўка часоў БНР. Фота ru.wikipedia.org

Як паўплывала абвяшчэнне БНР на далейшую гісторыю Беларусі?

Я лічу, што спроба беларускіх дзеячаў утварыць ўласную нацыянальную дзяржаву мела выключна важнае гістарычнае значэнне. Бо абвяшчэнне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове стала ў многім рэакцыяй на існаванне структур БНР.

З аднаго боку, бальшавікі зразумелі, што беларуская інтэлегенцыя мае імкненне да нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння. З іншага, неабходна было стварыць альтэрнатыву БНР. Такім чынам, калі б не было Беларускай Народнай Рэспублікі, не было б і ССРБ (БССР). А Рэспубліка Беларусь ў юрыдычным сэнсе з’яўляецца правапераемніцай апошняй.

10 цікавых фактаў з гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі можна прачытаць тут, а небанальныя цікавосткі пра БНР можна даведацца тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий