Эксклюзіўныя фотаздымкі. Як у Віцебску мог з’явіцца археалагічны музей, аналагаў якому не было б у свеце
Многія турысты, якія наведваюць Віцебск, заўважаюць, што амаль усе будынкі ў гістарычным цэнтры горада – новабудоўлі, няхай і па старажытным узоры. Сапраўдныя помнікі гарадской архітэктуры былі знішчаны або ў гады Вялікай Айчыннай вайны, або ўжо ў пасляваенны час. Але Віцебску ёсць што пакінуць нашчадкам. У гэтым упэўнены гісторыкі, археолагі Лявон Калядзінскі і Ігар Цішкін.
«У 1977 – 1993 гадах на тэрыторыі Верхняга замка ў Віцебску праводзіліся маштабныя раскопкі, – расказаў Лявон Калядзінскі. – Яны ахоплівалі плошчу звыш дзвюх тысяч квадратных метраў. Былі выяўлены рэшткі драўлянай гарадской забудовы ХІІ– ХVII стагоддзяў, сабраны багаты рэчавы матэрыял. На раскоп прыязджала кіраўніцтва горада, вобласці і нават БССР. Сярод вядомых асобаў, што пабывалі тут, – сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў і касманаўт Пётр Клімук».
Дарэчы, Верхні замак у Віцебску разбураўся на працягу многіх гадоў. Напрыклад, у 1957 годзе Віцебскае замчышча з рэшткамі Замкавай гары было абвешчана помнікам рэспубліканскага значэння і ўзята пад ахову дзяржавы. Нягледзячы на гэта, ужо ў лютым – сакавіку 1958 года на гэтай тэрыторыі быў закладзены катлаван пад будаўніцтва драмтэатра, у выніку чаго быў знішчаны велізарны культурны пласт.
Пабудова адміністрацыйных і жылых будынкаў на помніку археалогіі працягнулася і ў 1970-я гады. У лістападзе 1973 года быў знесены буданак віцебскага педынстытута, пабудаваны, дарэчы, у XIX стагоддзі, а побач з гэтым месцам, ля самага падножжа Замкавай гары, сталі рабіць катлаван для ўзвядзення корпуса навукова-даследчага інстытута. Пра гэта, дзякуючы намаганням Міхаіла Рыўкіна, даведаліся ў Інстытуце археалогіі АН СССР, у Віцебск тады прыехалі маскоўскія археолагі, быў складзены Акт аб разбурэнні помніка. Пра будынкі Віцебска, якія зніклі з вуліц нашага горада за апошнія паўстагоддзя, можна прачытаць тут.
Калі ў 1977 годзе дзяржавай былі выдзелены дадатковыя сродкі на археалагічнае вывучэнне горада на Дзвіне, быў створаны Віцебскі археалагічны атрад, які ўзначаліў вядомы беларускі археолаг Міхаіл Ткачоў. Разам з Лявонам Калядзінскім, тады супрацоўнікам сектара археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР, яны выехалі ў Віцебск.
Тады і ўзнікла думка аб стварэнні на базе раскопак археалагічнага музея па ўзоры Берасця. Гэтую ініцыятыву падтрымалі горад, вобласць і рэспубліка. У 1980 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб стварэнні ў Віцебску археалагічнага музея, які мог стаць філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Віцебскі гарвыканкам павінен быў забяспечыць узвядзенне часовых навесаў над знойдзенымі падчас раскопак рэшткамі драўлянай забудовы, а Міністэрства культуры – правесці работы па кансервацыі.
«Драўніна так добра захавалася, што, калі мы рабілі распіл, яна пахла свежай хвояй, – успомніў Ігар Цішкін, які таксама прымаў удзел у раскопках. – Гэты музей мог бы стаць унікальным. На свеце нямала ёсць музеіфікаваных старажытных аб’ектаў, але ж яны ўсе з камення. А ў нас добра захаваліся драўляныя збудаванні, якія адлюстроўваюць перыяд жыцця нашых продкаў больш чым за паўтары тысячы гадоў. Падобнага няма нават на сусветна вядомых гарадзішчах Берасця і Ніжняга Ноўгарада».
Улетку 1980 года Інстытут гісторыі АН БССР звяртаўся ў Віцебскі абласны камітэт КПБ, аблвыканкам і гарвыканкам з просьбай прадугледзіць збудаванні часовага навесу над археалагічным раскопам 1980 года. Але ў той жа час ва ўсходняй частцы Верхняга замка пачалі рабіць пляцоўку для ўсталявання помніка Машэраву, пракладвалі камунікацыі і тым самым зноў знішчалі культурны слой.
«Летам 1980 года мы змаглі прыступіць да працы на раскопе толькі напрыканцы чэрвеня, – расказаў Лявон Калядзінскі. – Ішлі дажджы, з трох бакоў нашага раскопу працавалі будаўнікі, мы павіны былі перыядычна вывозіць культурны пласт, каб ім не замінаць. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, у той год быў ускрыты ўчастак гарадской забудовы XVI стагоддзя ў цудоўнай захаванасці і цалкам прыдатны для музеіфікацыі. Патрабаваўся навес, доўга ішла перапіска паміж Інстытутам гісторыі і віцебскімі ўладамі. У выніку навес з’явіўся толькі ў 1982 годзе, калі раскоп амаль ператварыўся ў басейн: катлаван быў напоўнены вадой, а сцены часткова абрынуліся».
Навес быў узведзены рабочымі Віцебскага гарадскога рамонтна-будаўнічага трэста, электрыфікаваны і забяспечаны механізмам адпампоўкі вады. З’явілася нават вывеска на ўваходзе, што тут знаходзіцца філіял Віцебскага краязнаўчага музея.
«Я магу лічыць сябе першым і апошнім “дырэктарам” археалагічнага музея ў Віцебску, – смяецца Ігар Цішкін. – Тады я працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у абласным краязнаўчым музеі, займаўся тэмай “Археалогія”. Для новага музея прынёс археалагічны матэрыял з Ратушы, усталяваў некалькі шкляных шаф, выставіў экспанаты і пачаў праводзіць экскурсіі. Наведаць археалагічны музей у той час было нямала ахвотных, нават узімку. Віцебскае турбюро прывозіла цэлыя групы турыстаў».
Археолагі пасылалі тэлефанаграмы ў Міністэрства культуры БССР з просьбай пачаць кансервацыю. Планавалася, што будзе ўзведзены і яшчэ адзін павільён над больш раннімі рэшткамі забудовы, якія павінны былі стаць другой чаргой музея, але грошай не знайшлося.
У гэты жа час пачалося будаўніцтва кафэ «Тэатральнае». Калі рабілі катлаван, на месца ў 1988 годзе выехалі археолагі і вынайшлі 8 – 10 ярусаў унутрывальных канструкцый – амаль двухметровай таўшчыні пласт са знаходкамі ІХ – ХІ стагоддзяў пад насыпам вала. Раскоп наведалі прадстаўнікі ўлады, было вырашана захаваць гэтыя канструкцыі шляхам музеіфікацыі і стварыць музей абарончага вала старажытнага Віцебска.
Напрыканцы кастрычніка 1988 года Віцебскі гарвыканкам нават распрацаваў план на бліжэйшыя гады. Згодна з ім, у 1989 – 1990 гады планавалася адкрыць музей «Абарончы вал XII ст», а ў 1990 – 1992 археалагічны музей «Старыжытны Віцебск XIII – XIV ст.».
Але гэта засталося толькі на паперы. Ужо ў 1989 годзе быў складзены акт, што на помніку археалогіі рэспубліканскага значэння ў Верхнім замку ў Віцебску, на раскопе абарончага вала ХІІ стагоддзя, асыпаўся грунт, і, нягледзячы на тое, што Інстытут гісторыі быў супраць, катлаван засыпалі зямлёй. Такі ж лёс чакаў і археалагічны раскоп з рэшткамі драўлянай пабудовы ХІІ – ХIV стагоддзяў. Улады матывавалі рашэнне тым, што не быў знойдзены эфектыўны спосаб кансервацыі, але ж ён існаваў і ўжо быў апрабіраваны ў «Бярэсці». Пасля распаўся Савецкі Саюз, змянілася ўлада, адбылася інфляцыя. Усім стала не да гісторыі. Але ж сёння ўмовы больш спрыяльныя. Чаму б не вярнуцца да гэтай тэмы?
«Самае страшнае тое, што драўніну проста закрылі поліэтыленам і засыпалі пяском, – разважае Ігар Цішкін. – Ці захаваецца яна? У якім будзе стане? Магчыма, поўнасцю спарахнее… Ды і ці будуць тут калі-небудзь праводзіцца раскопкі? На гэта патрэбны немалыя сродкі і, канешне, жаданне. Жаданне нешта зрабіць – гэта тысячы спосабаў, а нежаданне нешта рабіць – тысячы прычын».
Археалагічны музей упрыгожыў бы наш горад. Мясцовыя жыхары і турысты з задавальненнем бы яго наведвалі, тым больш што размясціўся б ён у гістарычнай частцы Віцебска. Безумоўна, зрабіць гэта няпроста: неабходна нанова праводзіць раскопкі, пераносіць інжынерныя камунікацыі, прадумваць кансервацыю драўніны, будаваць музейны павільён.
«Калі знаходзяцца сродкі на ўстанаўленне бронзовых помнікаў у Віцебску, дык чаму б не адшукаць магчымасці для рэанімацыі Пастановы аб стварэнні археалагічнага музея і не працягнуць гэтую высакародную справу? – падагульняе Лявон Калядзінскі. – Тым больш што на будучы год Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею спаўняецца сто гадоў. Выдатная нагода змяніць свой статус на Дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, як тое было зроблена ў Гародні. Да таго ж на “Славянскі базар” прыязджае шмат турыстаў, ім расказваюць, што Віцебску больш за тысячу гадоў. А як пацвердзіць гэтыя словы, як ні наглядна – у археалагічным музеі. Са свайго боку я гатовы аказаць дапамогу».
Таксама прапануем даведацца пра сакрэты Віцебскіх замкаў.
А інтэрв’ю з Ігарам Цішкіным пра гісторыка-культурнае аб’яднанне «Узгор’е» можна прачытаць тут.