Site icon Витебский Курьер

Чарговую «Ратушу» прэзентавалі ў Віцебску

бібліятэка, прэзентацыя, "Ратуша"

Кнігі ў падарунак бібліятэцы. Фота Сашы Май

у альманах увайшлі творы як вядомых творцаў, так і пачаткоўцаў

Трэці выпуск літаратурнага альманаха «Ратуша» прэзентавалі ўчора ў Віцебскай абласной бібліятэцы.

Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова вітае гасцей. Фота Сашы Май

У чарговы штогоднік ўвайшлі творы паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў, гумарыстаў Віцебшчыны – як сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП), так і тых, хто толькі пачынае свой творчы шлях у літаратуру.

Падчас прэзентацыі. Фота Сашы Май

На пачатку імпрэзы членскі білет Саюза беларускіх пісьменнікаў  уручылі Міхасю Конану.

Затым перад прысутнымі, сярод якіх былі сябры СБП, студэнты і ўсе тыя, хто цікавіцца культурным і літаратурным жыццём роднага горада, выступіў намеснік старшыні арганізацыі паэт Усевалад Сцебурака.

Усевалад Сцебурака распавядае пра альманах. Фота Сашы Май

Усевалад расказаў, што ў апошнія гады ў кожнай вобласці Беларусі амаль адначасова сталі выходзіць літаратурныя альманахі. Так, у Магілёве друкуецца «Брама», у Гомелі – «Палац», а ў Віцебску – «Ратуша». А сярод аўтараў як класікі, так і пачаткоўцы. Шлях у альманах адкрыты для ўсіх.

Віцебскія творцы падчас прэзентацыі. Фота Сашы Май

Але трэба разумець, што пэўнага адбору не пазбегнуць. Па словах старшыні Віцебскага аддзялення СБП Настассі Лазебнай (творчы псеўданім – Стася Наркевіч), свае творы ў трэці выпуск альманаха падалі больш за пяцьдзясят аўтараў з Віцебшчыны, а надрукаваліся ўсяго сорак. Для параўнання ў першым нумары «Ратушы», які выйшаў у 2014 годзе, было 37 аўтараў, у 2016 годзе, калі свет пабачыў другі нумар, – 46 аўтараў.

Добры настрой падчас прэзентацыі. Фота Сашы Май

Адметнасць альманаха Віцебскай вобласці ў тым, што ў ім ёсць такія раздзелы як «Гумар» і «Літаратуразнаўства». Да таго ж, тут прадстаўлены проза і паэзія, як на беларускай, так і на рускай мовах.

Многія аўтары, творы якіх увайшлі ў трэцюю «Ратушу», прысутнічалі на сустрэчы.

Перад гледачамі выступілі Марыя Баравік, якая спецыяльна прыехала на прэзентацыю з Падсвілля, і беларускі цыган з Лондана Вальдэмар Калінін, які перадаў прывітанне ад беларуска-англійскай суполкі і прадэкламаваў колькі вершаў.

Марыя Баравік. Фота Сашы Май

Як заўсёды з гумарам прачытаў свае творы вядомы паэт Уладзімір Папковіч.

Выступае Уладзімір Папковіч. Фота Сашы Май

Затым выступілі Галіна Сінякова, Наталля Салаўёва, Станіслаў Сівалобаў, Аляксандр Пішчык і іншыя віцебскія паэты.

Наталля Салаўёва. Фота Сашы Май

Урывак са свайго празаічнага твора прачытаў загадчык літаратурна-драматычнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа Алесь Замкоўскі.

Урывак са свайго твора чытае Алесь Замкоўскі. Фота Сашы Май

Апошнімі з віцебскіх творцаў выступілі гумарысты Міхась Мірановіч і Фелікс Бейнер. Апошні па традыцыі прачытаў свае пародыі на вершы сучаснікаў.

Завяршыў сустрэчу сталічны госць, паэт-бард Алесь Камоцкі, які выканаў колькі песень, у тым ліку напісаных па матывах ірландскіх баладаў.

Спявае Алесь Камоцкі. Фота Сашы Май

Пасля прэзентацыі кожнаму аўтару альманаха падаравалі экзэмпляр на памяць. А Усевалад Сцебурака прэзентаваў віцебскай абласной бібліятэцы некалькі альманахаў «Ратуша», колькі штогоднікаў іншых беларускіх абласцей і іншыя выданні, сярод якіх трохтомнік дзённікаў і запісаў Рыгора Барадуліна.

Нагадаем, што напрыканцы 2014 года ў Віцебску прэзентавалі першы нумар альманаха «Ратуша», а год таму сталічныя госці наведалі наш горад у рамках праекта «Пяцісотгоднасць» і прадставілі другі нумар штогодніка.

Exit mobile version