Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе

Авторские статьи

Таццяна Дубоўская: «Няхай людзі не хвалююцца: шосты сезон абавязкова будзе»

Па-сяброўску шчыра і па-дамашняму цёпла прайшоў выпускны курсаў «Мова нанова Віцебск».

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Святочны выпускны. Фота Сашы Май

Усіх, хто сабраўся ў гэты вечар, а такіх было нямала, віталі вядоўцы – Таццяна Дубоўская, Ганна Кажамячанка, Іван Рагавой. Яны зазначылі, што пяць год (менавіта столькі часу існуюць курсы ў Віцебску) прабеглі вельмі хутка, але яны былі вельмі насычанымі.

Сустрэчы з цікавымі людзьмі, выступы літаратараў і музыкаў, інтэлектуальныя гульні, ток-шоу, а самае галоўнае – нязмушаныя зносіны і сяброўства. Усё гэта – курсы «Мова нанова».

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Таццяна Дубоўская і Іван Рагавой. Фота Сашы Май

Нездарма адна дзяўчына, што ўпершыню прысутнічала на занятках, заўважыла:

Цікава, што ў адным месцы сабраліся людзі рознага ўзросту, роду заняткаў, прафесіі, па асабістым жаданнні, без прымусу і ім тут падабаецца. Шкадую, што не прыходзіла на курсы раней.

Вось і вядоўцы вырашылі, што галоўнымі героямі гэтага вечера павінны стаць студэнты, як тыя, хто наведваў курсы некалькі гадоў запар, так і тыя, хто далучыўся толькі сёлета.

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Сяржук Маркаў. Фота Сашы Май

Шчыра кажучы, я не верыў, што курсы праіснуюць пяць гадоў, – прызнаўся былы вядоўца, тэлевядучы і экскурсавод Сяржук Маркаў. – Памятаю, як усё пачыналася, як было страшна звязвацца з тымі ж музыкамі і запрашаць іх выступіць. А калі мне ператэлефанаваў сам Іван Кірчук – гэта быў нібы званок ад Бога. І, уяўляеце, людзі, калі даведваліся, што іх чакаюць на «Мова нанова Віцебск», пагаджаліся прыехаць і даць невялічкі канцэрт.

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Іван Рагавой і Ганна Кажамячанка. Фота Сашы Май

Каб нагадаць, як весела і плённа прайшлі гэтыя пяць год, мовананоўцы падрыхтавалі ролік з відэасюжэтамі і фотаздымкамі, на якіх студэнты з лёгкасцю пазналі сябе.

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Вядоўцы падзякавалі сваім студэнтам і ўладальніку “Торвальда” Віталю Броўку. Фота Сашы Май

Несумненна, для многіх стала сюрпрызам, калі вядоўцы пачалі віншаваць самых актыўных удзельнікаў курсаў і ўручаць ім дыпломы. За інфармацыйную падтрымку словы падзякі былі выказаныя журналістам, а за магчымасць праводзіць заняткі ў цэнтры горада уладальніку «Торвальда» Віталю Броўку.

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Студэнты курсаў атрымалі дыпломы. Фота Сашы Май
Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Падчас узнагароджвання студэнтаў. Фота Сашы Май

Да віншаванняў далучыліся і госці – вядомыя ў Віцебску людзі, якія ў свой час выступалі на курсах у якасці запрошаных лектараў. Гэта: пісьменніца, журналіст, старшыня Віцебскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасія Лазебная, бард Міхаіл Рубін, мастацтвазнаўца Аляксандр Лісаў, актрыса тэатра імя Якуба Коласа Раіса Грыбовіч.

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Настасія Лазебная і Міхаіл Рубін. Фота Сашы Май
Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Раіса Грыбовіч  правяла рэпетыцыю купальскага  карагода. Фота Сашы Май

Сапраўдным падарункам стаў амаль двухгадзінны канцэрт беларускага спевака і музыкі Зміцера Вайцюшкевіча.

Курсы «Мова нанова Віцебск» адзначылі пяцігоддзе
Зміцер Вайцюшкевіч. Фота Сашы Май

Няхай людзі не хвалююцца: шосты сезон абавязкова будзе, – запэўніла вядоўца курсаў Таццяна Дубоўская. – Зараз мы сыходзім на летнія вакацыі, а ўжо напрыканцы верасня зноў збяромся ва ўтульнай зале «Торвальда». Таму прыходзьце самі, прыводзьце сяброў і знаёмых. У нас вы лёгка знойдзеце аднадумцаў і зможаце цікава правесці час. Хачу падзякаваць усім, хто быў побач з намі гэтыя пяць год. Вы – самыя лепшыя.

5 прычын наведваць курсы «Мова нанова» ў Віцебску.

«Вашаму гадаванцу не важна, на якой мове вы размаўляеце». Кранальны відэаролік ад «Мовы нанова — Віцебск».

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий