Прыгожы клічнік у справе вывучэння роднай мовы. Лёгка і нязмушана, а галоўнае, без прымусу!
Не сакрэт, што ва ўсіх ўніверсітэтах Віцебска выкладаецца курс «Беларуская мова: Прафесійная лексіка». Не выключэнне і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Нягледзячы на шматлікія праблемы ў вышэйшай школе Беларусі, ёсць выкладчыкі смелыя і крэатыўныя, якімі толькі ганарыцца. Тое ж самае можна сказаць і пра сучасных студэнтаў. Студэнцтва вельмі рознае, як і наша грамадства. Здаецца, дзе медуніверсітэт, а дзе беларуская мова? Аказваецца, вельмі блізка!
Маладая выкладчыца Марына Каліноўская вельмі незвычайна закончыла разам з групамі фармацэўтычнага факультэта другі семестр. Студэнты разам з выкладчыцай зрабілі флэшмоб. Надрукавалі шыльдачкі, на якіх занатавалі тое, што палічылі найбольш важным вынікам заняткаў. Прычым частку таблічак рабіла Марына Михайлаўна, а частку — студэнты. А потым усе разам сфатаграфаваліся на фоне альма-матар.
Do you на сваёй мове.
Родная мова не павінна быць замежнай.
Размаўляй са мной па-беларуску!
Мова ў маім сэрцы.
Ў… Вучыце родную мову!
Мая родная мова — беларуская.
Няхай будзе сонейка, няхай будзе мова, няхай будзем мы!
Вось што нам расказала Марына Каліноўская пра сваю крэатыўную ідэю:
Усе мае групы разам з абавязковым праграмным матэрыялам па спецыяльнасці вывучалі сучасную беларускую лексіку (як павітацца і развітацца, звярнуцца да каго-небудзь згодна статусу, замовіць квіток ці страву, расказаць пра сябе, сваю краіну і інш.). Студэнты былі ініцыятарамі расказваць пра свае родныя месцы (бо сабраліся з розных гарадоў і мястэчак Беларусі). На беларускай мове агучвалі прэзентацыі, рыхтавалi прафесійныя дыялогі і інсцэніравалі сітуацыі для іх прымянення.
У выніку кожныя заняткі мы разам адкрывалі для сябе нешта новае. А студэнты прыйшлі да высновы, што беларуская мова для беларусаў не павінна быць замежнай. Вывучаць яе нескладана і нават цікава, а па прыгажосці, мілагучнасці яна не саступае іншым мовам.
Да таго ж у нашай мове існуе багата сучаснай лексікі, не выключаючы моладзевы слэнг, пра што было асабліва цікава даведацца студэнтам пасля вывучэння даволі кансерватыўнага школьнага курса.
Завяршаючы заняткі, мы вырашылі паставіць не кропку, а прыгожы клічнік у справе вывучэння роднай мовы (хай сабе і ў межах прафесійнай лексікі): «Няхай будзе мова, няхай будзем мы!»
Марына Міхайлаўна звяртаецца да сваіх улюбёных навучэнцаў:
Маладыя, прыгожыя, даражэнькія мае беларусы! З Вамі было крута! Ганарыцеся роднай мовай і гісторыяй, шануйце свае карані і памятайце: шмат залежыць ад кожнага з Вас!!!Няхай Вам шчасціць у жыцці, поспехаў у вучобе і ні пуху ў надыходзячай сесіі!
Ну а мы цалкам падтрымліваем маладую выкладчыцу, жадаем ёй не пакідаць прафесіі, а студэнтам — лёгкай здачы сесіі ў нялёгкім універсітэце.
В Витебске в «Задзвінскіх чытаннях» поучаствовало более 100 человек.
Уладзімір Някляеў апублікаваў верш «Калыханка» памяці Генадзя Бураўкіна.