У Віцебску меркавалася стварыць мемарыяльны пакой Давіда Сімановіча. Але справа так і не зрушылася з месца

Людміла Хмяльніцкая пра ролю паэта ў вяртанні імя Шагала ў наш горад

У гэты дзень, 26 чэрвеня 1932 года, нарадзіўся паэт і культурны дзеяч Давід Сімановіч.

У свой час мы ўжо размаўлялі з Інай Гузавай, якая больш дзесяці гадоў была спадарожніцай Давіда Рыгоравіча. Яе аповед пра знаёмства і апошнія гады жыцця паэта можна прачытаць тут.

Таксама пра свае стасункі з Давідам Сімановічам расказвалі яго блізкія сябры – Вольга Дарэнскіх і Міхаіл Шмерлінг.

А сёння мая суразмоўца – гісторык Людміла Хмяльніцкая, якая распавядзе пра ролю паэта ў вяртанні імя Марка Шагала ў Віцебск.

Людміла Хмяльніцкая і Давід Сімановіч. 2013 год. Фота Святланы Васільевай

– Людміла Уладзіміраўна, цікава, калі Вы пазнаёміліся з Давідам Сімановічам?

Як загадчык літаратурнай рэдакцыі на абласной студыі тэлебачання Давід Сімановіч запрасіў мяне рабіць перадачы на краязнаўчую тэматыку: пра гісторыю Віцебска, пра цікавыя мясціны горада. Так і пазнаёміліся.

– Вядома, што да пэўнага часу імя Марка Шагала ў нас не згадвалася. Як Вы зацікавіліся славутым мастаком?

Магу сказаць, што глыбокая і ўстойлівая цікавасць да творчасці і асобы Марка Шагала ў мяне з’явілася падчас працы ў рэстаўрацыйных майстэрнях. Як раз тады мы атрымалі заказ на рэстаўрацыю дома Шагала на Пакроўскай вуліцы. Мне па архіўных крыніцах давялося вывучаць гісторыю яго будаўніцтва. Разам з архітэктарамі мы павінны былі адказаць на пытанне: дом Шагала гэты ці які іншы на вуліцы Пакроўскай?

Я сама потым, калі ўжо працавала ў архіве Шагала ў Парыжы, бачыла там фотаздымкі розных дамоў, якія дасылалі мастаку з Віцебска з подпісам «Дом Вашых бацькоў».

Пазнаёміўшыся з біяграфіяй Шагала, пачала сур’ёзна цікавіцца яго творчасцю.

– Ці можна лічыць, што Давід Сімановіч першым узняў пытанне аб вяртанні імя Шагала ў родны горад? Ці былі энтузіясты да яго?

Мне цяжка адказаць на гэтае пытанне, бо я не была сведкай тых падзей. Думаю, што гэта была група, хоць і вельмі невялікая, мясцовай інтэлігенцыі. А хто з іх сказаў першае слова – як разабрацца? Аднак тое, што Сімановіч напісаў першыя вершы пра Шагала ўжо на пачатку 1960-х гадоў, а з канца 1980-х актыўна змагаўся за вяртанне імя мастака, гаворыць само за сябе.

Давід Сімановіч — лаурэат шагалаўскай прэмііі. 1992 год. Фота Міхаіла Шмерлінга

– Давід Рыгоравіч у свой час узначальваў цэлы шэраг камітэтаў, у тым ліку Шагалаўскі…

Шагалаўскі камітэт Давід Рыгоравіч узначальваў ад часу яго стварэння ў 1990-м годзе да самай сваёй смерці. Адразу заўважу, што гэты камітэт быў створаны раней, чым музей Шагала, і ў тую пару менавіта ад яго шмат залежала, якім будзе новы музей. Было вырашана распрацоўваць ідэю мемарыяльнага музея, а не выставачнай залы, бо на той час не было яшчэ што паказваць з шагалаўскай творчай спадчыны.

Апроч таго, менавіта Давід Рыгоравіч выступіў ініцыятарам правядзення ў Віцебску Шагалаўскіх чытанняў, першыя некалькі гадоў іх арганізацыяй займаўся выключна ён сам. Я пачала працаваць у музеі ў 1998 годзе і заўсёды знаходзіла ў яго асобе падтрымку ў цяжкую хвіліну: ён дапамагаў у новых пачынаннях, у размовах з кіраўніцтвам горада.

– Як ставіліся мясцовыя ўлады да стварэння музея Марка Шагала ў Віцебску і да асобы Давіда Рыгоравіча ў гэтым кантэксце?

Я думаю, што да адкрыцця музея Давід Сімановіч быў для ўладаў нязносным чалавекам, які толькі псуе кроў, у той час як зверху спускаюцца канкрэтныя ўказанні партыі і ўраду. Трэба было мець грамадзянскую мужнасць, каб супрацьстаяць гэтаму.

Потым, калі партыі не стала, да яго патрабаванняў пачалі прыслухоўвацца, паступова ён заваяваў аўтарытэт.

Давід Рыгоравіч быў мудрым, ён мог знайсці патрэбны тон у размове з любым чалавекам і шлях да вырашэння той ці іншай праблемы. Да таго ж, да апошніх дзён жыцця Сімановіча турбавалі не толькі праблемы, звязаныя з Шагалам, але і шмат якія іншыя, што ствараюць культурнае аблічча Віцебска.

 А да Шагала мясцовыя ўлады ставіліся адмоўна да 1991 года – часу, калі імі было прынята рашэнне аб стварэнні музея Шагала ў Віцебску. Потым усё кардынальна змянілася. Цяпер Шагал – наша ўсё.

Давід Сімановіч адкрывае свята на Пакроўскай вуліцы. 2005 год. Фота з архіва Людмілы Хмяльніцкай

– Вядома, што ў заснаванні нашага шагалаўскага музея пэўную ролю адыгралі замежныя музеі, установы, асобы. З кім Давід Сімановіч падтрымліваў найбольш трывалыя сувязі?  

З «Колам садзейнічання музею Шагала» з нямецкага Нінбурга. Сімановіч сам стаяў ля вытокаў стварэння гэтай арганізацыі, наладжваў кантакты з нямецкімі сябрамі, якія дапамагалі набыць першыя працы Марка Шагала для музея, адрэстаўрыраваць бацькоўскі дом мастака.

Потым, калі, як казаў адзін вядомы палітычны дзеяч, «процесс пошел», Давід Рыгоравіч заўсёды ўдзельнічаў у розных імпрэзах, якія музей ладзіў для груп з Германіі, што прыязджалі да нас у якасці турыстаў.

Я мяркую, Вы, Уладзімір Антонавіч, самі можаце больш расказаць пра Вашы з Сімановічам сумесныя паэтычныя выступленні і ў Віцебску, і ў Германіі, пра пераклады Вамі на нямецкую мову вершаў Давіда Рыгоравіча, прысвечаных Шагалу.

Давід Сімановіч і Уладзімір Папковіч. 2002 год. Фота Міхаіла Шмерлінга

– Ці адлюстравана неяк дзейнасць Давіда Сімановіча ў шагалаўскім музеі?

Давід Рыгоравіч увесь час збіраў матэрыялы пра працэс вяртання імя мастака ў Беларусь. Усе яны зараз знаходзяцца ў музеі Шагала і выкарыстоўваюцца ў навуковай працы.

Да таго ж вядома, якую шыкоўную бібліяэку меў паэт. Частку яе ён яшчэ пры жыцці перадаў музею. У фонды трапіла таксама частка і яго мастацкай калекцыі.

Пасля смерці Давіда Рыгоравіча некаторыя яго рэчы (паліцы з кніжкамі, знакаміты фатэль, у якім сядзелі Быкаў, Барадулін, Вазнясенскі, Еўтушэнка і іншыя вядомыя людзі, пісьмовы стол, пішучая машынка і іншыя) былі перавезены ў пакой у асобным будынку, які належыць музею. Меркавалася стварыць нешта кшталту мемарыяльнага пакоя Сімановіча, дзе будуць адбывацца сустрэчы паэтаў, прыходзіць школьнікі, навучэнцы, знаёміцца з творчасцю і грамадскай дзейнасцю гэтага чалавека.

З таго часу прайшло ўжо тры гады, аднак пакой стаіць зачынены. У той жа час з мінулага года ў дзень нараджэння Давіда Рыгоравіча музей пачаў праводзіць вечарыны, прысвечаныя яго памяці. Адбудзецца такая імпрэза і сёння. Таму запрашаем усіх, хто памятае Давіда Сімановіча і шануе яго ўнёсак у культурнае развіццё нашага горада, 26 чэрвеня ў 17 гадзін у Арт-цэнтр Марка Шагала на вуліцы Савецкай.

– Шчыра дзякую, шаноўная Людміла Уладзіміраўна, за змястоўныя адказы.

Давід Сімановіч. Фота Міхаіла Шмерлінга

Яшчэ колькі цікавосткаў пра літаратурнае жыццё ў Віцебску ў 1970-я гады і тую ролю, якую адыгрываў у ім Давід Сімановіч, можна даведацца тут.

РЕКЛАМА


РЕКЛАМА