«Мы ў самым пачатку прызналіся адзін аднаму, што з намі здарылася нешта неверагоднае»

Авторские статьи

Іна Гузава пра апошнія гады жыцця Давіда Сімановіча 

Іна Гузава, сціплая простая жанчына, якая была больш дзесятка гадоў спадарожніцай знакамітага паэта Давіда Сімановіча, у тым ліку ў самыя апошнія моманты яго жыцця.

Я вырашыў пагаварыць са спадарыняй Інай пра ўражанні, якія пакінуў Давід Рыгоравіч у яе памяці.

«Мы ў самым пачатку прызналіся адзін аднаму, што з намі здарылася нешта неверагоднае»
Іна Гузава і Давід Сімановіч. Фота з уласнага архіву рэспандэнткі

Іна, ці ведалі Вы Давіда Сімановіча (яго імя, яго паэзію) да асабістага знаёмства?

Шчыра прызнаюся, што да знаёмства з Давідам Рыгоравічам я не вельмі добра ведала культурнае жыццё горада. Я, так бы мовіць, з іншай сферы: працавала ў разліковым цэнтры Статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці. Больш была звязана з лічбамі, чым з вершаванымі радкамі. Канешне, як і ўсе мы, цікавілася папулярнай музыкай, наведвала канцэрты «Славянскага базара», які на працягу многіх гадоў з’яўляецца ўсеагульным гарадскім святам. Па-беларуску лепш было б сказаць «кірмаш», а не «базар», але  я, хоць і разумею беларускую мову, ды руская мне бліжэй».

– Але вернемся да знаёмства з Давідам…

Сярэдзіна ліпеня 2003 года. У горадзе шумеў «Базар». Мы з сяброўкай Таней таксама «шукалі прыгод». Прыселі ў вулічным кафэ крышку выпіць сухога віна. І тут да нашага століка падышоў барадаты, невялікага росту, вельмі энергічны, ужо ў гадах чалавек і спытаўся, ці можна заняць вольнае крэсла за нашым столікам. І паступова ён завалодаў нашай увагай, і мы даведаліся, што мужчына таксама лічыць гэтае віно, якое мы пілі, не лепшага гатунку, і што ён ідзе з літаратурнай сустрэчы, дзе выступаў, і што яго прозвішча Давід Сімановіч.

– Вы – Давід Сімановіч? – здзівілася я. – А мы з Таняй Вас не пазналі.

Так і пазнаёміліся, і ён нам распавёў пра сябе, свае кніжкі, сяброў і запрасіў дадому. Мы пагадзіліся і трапілі ці то ў сапраўдны музей, ці  то ў вялізную бібліятэку, ці  то ў карцінную галерэю. І было яшчэ віно, і былі салацікі. Мы прасядзелі далёка за поўнач і абмяняліся тэлефонамі».

сімановіч
Іна Гузава і Давід Сімановіч. Фота з уласнага архіву рэспандэнткі

– І хто першы патэлефанаваў?

Ён патэлефанаваў, здаецца, праз два дні. Ён умеў гаварыць так пераканаўча, што я зноў сустрэлася з ім у яго дома. Але тады мяне напужала палкая жарсць ў яго вачах. Я  падумала: «Не. Ён жа равеснік майго бацькі… Трэба хутчэй уцякаць». І пайшла дадому.

Каля двух гадоў мы з ім не сустракаліся. Размаўлялі па тэлефоне. Я чытала яго кніжкі, пачала з «Подорожной Александра Пушкина», і нават выказвала яму свае меркаванні. За гэтыя два гады я вывучыла яго творчасць даволі дасканала».

– І ўсё-такі вы зноў спаткаліся…

Гэта здарылася на Вялікдзень 2005 года, які прыпаў як раз на 1 красавіка. Давід Рыгоравіч не быў глыбока рэлігійным чалавекам, ён святкаваў усе святы – і свецкія, і рэлігійныя: і іудзейскія, і хрысціянскія. Але да свайго першапачатковага роду, да гісторыі, культуры, рэлігіі ён адносіўся з вялікай пашанай. Тэма Халакоста і антысемітызма неаднойчы гучала ў яго вершах».

«Мы ў самым пачатку прызналіся адзін аднаму, што з намі здарылася нешта неверагоднае»
Іна Гузава і Давід Сімановіч. Фота з уласнага архіву рэспандэнткі

– А ці ёсць у Вас на памяці нейкі асабліва любімы верш Давіда Сімановіча?

Пасля пачатку нашага блізкага сяброўства я хадзіла з ім на ўсе мерыпрыемствы: у тэатр, на выставы мастакоў, на літаратурныя сустрэчы (яго асабістыя ці другіх літаратараў). Дома яго наведвалі не толькі віцебскія сябры, але і госці з іншых мясцін. Ён пасадзіў аднойчы мяне ў крэсла, у якім у розныя часы сядзелі Яўген Яўтушэнка, Андрэй Вазнясенскі, Рыма Казакова, Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Ігар Лучанок … Усіх не прыпомніш і не пералічыш… А Канстанціна Сіманава ён лічыў сваім хросным бацькам».

– Але вернемся да ягоных вершаў…

Ёсць вершы, якія запомніліся міжволі, бо я чула іх і на выступленнях, і ад яго асабіста… Яны кранаюць мяне ў першую чаргу сваёй пяшчотнасцю. Але ёсць адзін адмысловы верш, які ён сам называў гімнам яўрэйскаму народу. Вы самі, Уладзімір Антонавіч, перакладалі яго на беларускую і на нямецкую мовы і ведаеце гэты верш не горш за мяне:

Имею честь принадлежать
к тому гонимому народу,
которого в огонь и в воду
всегда пытались затолкать…».

– Якая рэакцыя была на Вашыя адносіны з Давідам? Як аднесліся да гэтага Вашыя родныя, сябры, саслужыўцы, дачка Давіда Рыгоравіча Лена і яе дзеці?

У калектыве, дзе працуе шмат асоб жаночага полу, зразумела, пачаліся размовы з рознымі суджэннямі-асуджэннямі ды меркаваннямі-фантазіямі. Змест быў самы розны. Мусіць, самая пашыраная думка была пра тое, што «ён – пажылы з грашыма і кватэрай, вось яна і разлічвае на нейкую карысць».

Я Вам зараз скажу, што мы ў самым пачатку прызналіся адзін аднаму, што з намі здарылася нешта неверагоднае. Я толькі і думала пра яго. Я не памятала пра яго ўзрост, у мяне не было думак пра яго маёмасць (якой, дарэчы і не было). Так, ён мяне ўзбагаціў, дзелячыся сваёй пяшчотай, глыбінным разуменнем, сваёй культурай, сваімі сябрамі і ўсім тым, чым жыў сам. 

З Ленай, яго дачкой, мы лёгка пазнаёміліся і сышліся. Мы размаўлялі па тэлефоне. Давід Рыгоравіч, калі наведваў яе ў Ізраілі, тэлефануючы мне, прызнаваўся, што яму ўсё ж такі нечага не хапае, асабліва мяне. І Лена аднойчы запрасіла ў Ізраіль нас абодвух. Я там правяла паўтары месяцы, разам з Давідам наведала шмат гарадоў ды іншых славутых мясцін: Іерусалім, раку Іярдан, Чырвонае, Мёртвае, Міжземнае мора і г.д.».

«Мы ў самым пачатку прызналіся адзін аднаму, што з намі здарылася нешта неверагоднае»
Фота з уласнага архіву Іны Гузавай

– А ці не хацеў Давід пераехаць назаўсёды ў Ізраіль?

Ён вельмі любіў Віцебск, ганарыўся, што агульнымі намаганнямі, у тым ліку з яго актыўным удзелам, у Віцебск вярнулася імя Марка Шагала. З яго ініцыятывы ў горадзе праводзіліся вечары, прысвечаныя вялікім землякам Міхасю Лынькову, Уладзіміру Краткевічу, Рыгору Барадуліну, Васілю Быкаву, Аляксандру Пушкіну, Уладзіміру Маякоўскаму, усталяваныя, таксама не без яго ўдзелу, помнікі Аляксандру Пушкіну, Уладзіміру Караткевічу, Еўдакіі Лось…

У нейкі час пачалася доўгая і цяжкая эпапея яго хваробы і развітання. Гэта ж цягнулася не адзін дзень: ад выдалення меланомы да метастазаў. Усё адбывалася на маіх вачах, з каханым, блізкім мне чалавекам. Мушу згадаць, што ў гэты час мне вельмі шмат дапамагалі яго самыя блізкія сябры: сям’я Міхаіла Шмерлінга і Вольгі Дарэнскай, Сяргей Рублеўскі, Аляксандр Шыпікаў, іншыя добрыя людзі, урачы».

– Як Вы думаеце, каго страціў горад з адыходам Давіда Сімановіча ў іншы свет?

Я гаварыла, што напачатку нават не ведала Давіда Рыгоравіча ў твар. Але за гады сумеснага жыцця я зразумела, што гэта быў за чалавек, якая значная асоба. Як ён сам пісаў у адным вершы:  «в этом городе все меня знают, ну а если не все, то почти…»

Усюды – на вуліцы, у тэатры, у выставачнай зале, у бібліятэцы, у кнігарні – людзі віталіся з ім, абдымаліся цалаваліся, запыняліся, каб пра нешта паразмаўляць, параіцца, спытаць… У яго быў спіс, каму трэба было патэлефанаваць на дзень нараджэння, на святы, з нейкай іншай нагоды. Калі ён падпісваў кніжку, то гэта (Вы самі ведаеце) былі не дзяжурныя аднолькавыя ўсім словы, а абавязкова індывідуальныя пажаданні, часта ў выдатнай вершаванай форме.

Я ведаю, што яго сябры, у прыватнасці, Міхаіл Шмерлінг, вельмі шмат зрабілі, каб усталяваць на доме, блізкім да таго, дзе жыў Давід Рыгоравіч, мемарыяльную шыльду. Але мне здаецца, што гэтага мала. Думаю, што ў гарвыканкаме маюць нейкі план, як увекавечыць памяць пра гэтага чалавека, які так шмат зрабіў для культуры горада. Усе мы, віцябляне, былі б уладам вельмі ўдзячнымі за гэта».

– Дзякую за размову. 

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий