«Вянок жыцця са слоў і фарбаў» Стасі Наркевіч

Анонсы

прэзентацыя новай дзіцячай кнігі і адкрыццё выставы батыкаў ужо ў гэты чацвер

Стасю Наркевіч (сапраўднае імя – Анастасія Пятроўна Лазебная) у Віцебску ведаюць многія. Анастасія Пятроўна – часты госць у студэнцкіх аўдыторыях, бібліятэках, на літаратурных вечарынах і прэзентацыях.

«Вянок жыцця са слоў і фарбаў» Стасі Наркевіч
Анастасія Лазебная. Фота Сашы Май

Нягледзечы на тое, што нарадзілася пісьменніца ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, большую частку свайго жыцця яна правяла ў нашым горадзе.

Анастасія Лазебная працавала ў газетах «Рабочае слова», «Кімавец» (у тым ліку рэдактарам), была выдаўцом і рэдактарам асабістай газеты «Анастасія», галоўным рэдактарам «Планеты открытий» – выдання турыстычнай фірмы «Хэпі-турс», друкавалася ў мясцовых і рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі. А з 2003 года Анастасія Пятроўна рэдагуе газету ВДУ імя П.М. Машэрава «Мы і час».

Акрамя журналісцкай дзейнасці, Анастасія Пятроўна шмат часу аддае літаратуры: выдае кнігі для дарослых і дзяцей пад псеўданімам Стася Наркевіч, з’яўляецца ўкладальнікам літаратурнага альманаха «Ратуша» і старшынёй Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

бібліятэка, прэзентацыя, "Ратуша"
Падчас прэзентацыі чарговага нумара “Ратушы” ў абласной бібліятэцы. Фота Сашы Май

У свой час у Віцебску былі прадстаўлены тры нумары альманаха. Як гэта адбывалася, можна паглядзець тут і тут.

А 15 лютага ў абласной бібліятэцы адбудзецца творчая вечарына пісьменніцы «Вянок жыцця са слоў і фарбаў». Чаму менавіта такая назва?

Адказ просты: Анастасія Пятроўна не толькі прэзентуе чарговую казку-размалёўку «Неверагодныя здарэнні на неверагоднай планеце», але і пазнаёміць усіх са сваім хобі – батыкам.

Адкрыццё мастацкай выставы запланавана на 16.30 у фае бібліятэкі, а пасля ў чытальнай зале ўсіх ахвотных чакаюць на прэзентацыі казкі для дзяцей.

Прыходзьце, будзе цікава!

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий