«Гэта карані, якія ты павінен берагчы». Юры Жыгамонт пра новую праграму, свой вобраз, габрэяў, містыку і дзяцінства

а таксама адкуль пайшлі вадзянікі, русалкі, хатнікі

Акуляры, паліто, капялюш і чамаданчык – ці ўзгадаеце, пра каго пойдзе размова? У пятніцу 6 лістапада ў Полацку адбылася творчая сустрэча з адным з самых пазнавальных вядучых на Беларусі – акцёрам Юрыем Жыгамонтам, чый вобраз нястомнага «дылетанта» знаёмы многім амаль што з дзяцінства.

Сустрэча прайшла ў рамках кампаніі Чырвонага Крыжа, прысвечанай прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў. Гэтая цяжкая тэма блізка знаёмая Юрыю Жыгамонту, бо сам ён нядаўна перажыў інфаркт. Акцёр здолеў перамагчы хваробу, не страціў прагі да жыцця, але стаў больш клапаціцца пра сваё здароў‘е і працаваць над сабой.  Усё, што вы хацелі пачуць: якой будзе новая перадача Юрыя Жыгамонта, чаму рэдка можна ўбачыць сюжэты пра Віцебскую вобласць і чаму на Беларусі не бывае вёсак без гісторыі, а таксама жарты, цікавыя выпадкі з падарожжаў і крыху містыкі мы распавядаем для вас у цытатах самога вядучага.

Юры Жыгамонт на сустрэчы ў Полацку. Фота Анастасіі Верас

Юры Жыгамонт на сустрэчы ў Полацку. Фота Анастасіі Верас

«Мая праграма ішла і крышачку спынілася таму, што здарыўся інфаркт. Калісьці для меня гэтае слова было далёкае. Здавалася, што гэта нешта такое страшэннае, пасля чаго ўжо людзі не жывуць. А тут гэта здарылася са мною. Мала таго, так яшчэ зрабілі шунціраванне. Я стаў жыць далей, але крышачку не так, як жыў да гэтага. Прыйшлося ад чагосьці адмовіцца», – так пачаў сваю размову з гледачамі Юры Жыгамонт.

Пра новую праграмму

Зараз праграма будзе называцца «Падарожжа Жыгамонта». Таму што, шмат калі кажуць: «Вось прыедзе Жыгамонт» – «А хто гэта такі?». «А гэта той, хто ходзіць у паліто такім, з сумкай, у капелюшы» – «Аааа! Знаем!». дык вось з наступнага тыдня пачнуцца праграмы, яны будуць выходзіць два разы на месяц. 

Знаем такога! Фота Анастасіі Верас

Знаем такога! Фота Анастасіі Верас

Сустрэча сабрала поўны зал гледачоў. Фота Анастасіі Верас

Сустрэча сабрала поўную залу гледачоў. Фота Анастасіі Верас

Пра першае падарожжа

Я вучыўся на першым курсе тэатральна-мастацкага інстытута, быў крышку закаханы, і пачуў гісторыю, што ў Нясвіжы па парку ходзіць Барбара Радзівіл, прывід, і закаханым з‘яўляецца. Я так падумаў: паеду! Сядаю ў аутобус увечары, і да мяне падсаджваецца на нейкім прыпынку дзяўчына. Пачалася размова: я гавару, што еду ў Нясвіж, пра парк, пра замак, пра Барбару Радзівіл. І ўжо пад‘язжаем, ёй выходзіць, і тут яна гаворыць: «Слухай, а паехалі да мяне! У нас возера там, а я блінцы такія смачныя пяку!». Карацей, не паехаў я з ёй, паехаў да Барбары. Хаджу там па парку, няма Барбары, змерз, восень, холадна, вакзал у Нясвіжы закрыты на ноч… І думаю: «Божа мой, які ж ты прыдурак! Зараз бы ўжо блінцы пякліся, з пограба нешта цікавае дасталі б…». Ну вось такое было маё першае падарожжа»

Фота Анастасіі Верас

Фота Анастасіі Верас

Чаму ў продкаў дазволу прасіць трэба?

У кожнай вёсцы ёсць свая гісторыя, свая энергетыка. Ты яе адразу адчуваеш, напачатку я не разумеў: прыязжаеш у вёску і пачынаеш стамляцца. У другой вёсцы – проста лётаеш. Таму зараз я, разумеючы гэта, па-першае, аглядаю могілкі і ў продкаў гэтай вёскі прашу дазволу на працу. Таму што ёсць сіла месца. 

Юры Жыгамонт з гледачамі. Фота Анастасіі Верас

Юры Жыгамонт з гледачамі. Фота Анастасіі Верас

У нас, калі вы возмеце мапу ВКЛ, то Беларусь – гэта цэнтр. І вось любую вёску вазьмі – гэта гістарычная вёска, там заўсёды знойдзеш гістарычныя падзеі, там будуць курганы, будзе гарадзішча, селішча. Вёсак без гісторыі ў Беларусі наогул не існуе! Усе не аб‘едзеш, але я , з сардэчна-сасудзістым захворваннем нават, упэнены, што павінен хаця б да сотні ездзіць.

Пра Віцебскую вобласць

Прагучала на сустрэчы і пытанне, чаму так мала з‘яўляецца сюжэтаў менавіта пра Віцебшчыну.

Справа ў тым, што нашы храмы былі разбураны пасля вайны ўсе. І Віцебшчына, сярод усіх рэспублік Саюза, была на першым месцы па руйнаванні культавых будынкаў. Таму, калі едзеш здымаць праграму, глядзіш, каб нешта было паказаць, а на Віцебшчыне гэтага вельмі мала. Мне Віцебшчына падабаецца сваімі азёрамі. 

Свято-Троицкая или Белоцерковская троицкая церковь. Фото Анастасии Вереск

Свята-Троіцкая царква ў Чарэі, ёй таксама быў прысвечаны адын з сюжэтаў пра Віцебшчыну. Фото Анастасіі Верас

Пра вобраз

Пытанне, як наогул з‘явіўся вобраз «дылетанта», вядучы называе адным з самых папулярных.

Я так і прышоў на здымкі – у паліто, у капелюшы. Калі мяне запрасілі вядучым быць, то далі акуляры і чамаданчык. Такім я і застаўся. Праўда, па горадзе так перастаў хадзіць. Аднойчы мая знаёмая, беларуская мастацтвазнаўца Ларыса Давідаўна Фінкельштэйн, паглядзеўшы праграму, сказала: «Юра, я увидела тебя в нашем национальном костюме, и все поняла!» 

Юры Жыгамонт у вобразе "дылетанта" знаёмы амаль што ўсей Беларусі

Юры Жыгамонт у вобразе “дылетанта”

Пра габрэяў

Дарэчы, менавіта габрэі часта задаюць пытанні, калі прыязжаеш у вёску ў вобразе. Вось падыходзіць дзядзька: «Скажите, это ваш псевдоним «Жигамонт»?». Я гавару: «Да не, гэта маё прозвішча». Паслухаў, адышоў, здымаем далей. Ну, калі пяты, шосты, калі падышоў чалавек дзесяты ўжо: «Скажите, это ваш псевдоним?». І я адказаў: «Да!». А ён: «Я так и знал, я так и знал! Давайте знакомиться: Шуцман Иосиф Абрамович!» 

Пра родную мову

Увесь час у нас у вёсцы была свая гаворка, амаль беларуская. Калі я пайшоў у войска, то патрапіў служыць на Украіне, ўсе размаўлялі па-ўкраінску. І я – па-ўкраінску, па-беларускі. Па-руску загаварыў толькі, калі паступіў у тэатральна-мастацкі інтстытут. Там я сутыкнуўся з расейскай мовай, нават мае калегі гаварылі: «Жыгамонт так па-рускі гаворыць, што не разабраць, ці то рускае слова, ці то беларускае». А калі на праграму прыйшоў, пыталі: «А Жыгамонт валодае беларускай мовай?». Адказваюць: «Ён рускай дрэнна валодае!». Мова была для мяне з дзяцінства.

На памяць пра Полацк Жыгамонту падарылі выцінанку. Фота Анастасіі Верас

На памяць пра Полацк Жыгамонту падарылі выцінанку. Фота Анастасіі Верас

Фота з падарункам. Фота Анастасіі Верас

З падарункам. Фота Анастасіі Верас

Пра містыку

Я нарадзіўся на вёсцы, а калі захварэў, узгадаў, што я калісьці, 17 гадоў назад, каля хаты пасадзіў дуб. Ён пачаў расці, і мае суседзі казалі: «Юра, зрэж!». Я спытаў: «Чаму?» Аказалася, ёсць такая прыкмета: калі чалавек садзіць дуб, і гэты дуб перерастае хату, то чалавек памірае. Я думаў: маняць. І вось, уявіце сабе, што, калі гэты дуб дарос роўна да хаты і перерос, са мной здарыўся інфаркт. І, калі б я жыў у вёсцы сваёй, то мяне б ужо там, напэўна, пахавалі.

Фота Анастасіі Верас

Фота Анастасіі Верас

Пра карані

«У архівах я займаўся сваім радаводам. І кожны раз, калі я знаходзіў новае імя свайго продка, было ўражанне, быццам усялялася новая сіла. Адчуваеш, што ты не проста некая прыблуда, і нешта абуджаецца ў душы. Гэта карані, якія ты павінен берагчы»

Пра тэатр

У Тэатры юнага гледача я іграў зайца, іграў мышку, іграў карча, а, калі мне далі лесніка ўжо сыграць, да мяне актрыса падышла і сказала: «О! Юра, ты ўжо вялікі артыст – табе далі сыграць чалавека!». У тэатры я ўжо не працую гады чатыры і, канешне, сумую па сцэне. 

Пра дзяцінства

Я нарадзіўся на Палессі, у Нараўлянскім раёне, з самага дзяцінства рос у , так бы мовіць, абставінах паганства. Гэтыя прыкметы як бы ўжыты ва мне з самага дзяцінства. Самыя першыя моманты дзіцячыя: садочкаў не было, маці ідзе восенню бульбу капаць і мяне, малога, бярэ. З сабой банку, туды жабу. І я тады сяжу, пальцам – раз! – і жаба прыгае. Вось такія цацкі былі. І потым, бацькі на працу, выходзіш, выходзяць другія, як ты, і тады ў лес, на рэчку. Карацей, гадаваў і выхоўваў нас Бог. З дзяцінства шмат захавалася таго, што я зараз расказваю на сваёй праграме.

Казка

Ведаеце, што ёсць лясун? Вось, баба расказала мне такую казку, як яго можна ўбачыць. Калісьці ў Адама з Евай было 12 пар дзяцей. І вось Бог сказаў: сабярыце ўсіх сваіх дзетах, я прыйду і бласлаўлю іх. Адам з Евай падумалі: усіх паказваць не будзем, мала ці што? З рая выгнаў, можа і з дзецьмі што зробіць… Таму, узялі 6 пар паказаць Богу, а 6 пар схавалі пад дубам. Бог прыйшоў, 6 пар перамяшаў, блаславіу, сказаў: жывіце і пладзіцеся. І пайшоў. А яны пайшлі пад дуб, дзе былі астатнія 6 пар. А яны сталі небачныя, духамі зрабіліся. І вось ад іх і пайшлі вадзянікі, русалкі, хатнікі.

І вось баба мне казала, што яны могуць стаць бачнымі. Трэба на Вялікдзень узяць яйка, асвячонае ў царкве або ў касцёле, прыйці ў лес і сказаць: спадар Вадзянік, спадар Палявік, спадар Лясун, вашыя гаспадыні і вашыя дзеткі, выходзьце! І яны тады выйдуць хрыстосавацца. Але галоўнае – не спужацца, бо, калі ты спужаешся, то станеш такім жа духам, як яны, і будзеш жыць у лесе. Таму я з яйкам у лес не хадзіў, бо вельмі баяўся спужацца.

Юры Жыгамонт запрасіў удзельнікаў сустрэчы берагчы сваё здароўе, нават калі гэта патрабуе ад нечага адмовіцца ў жыцці. 

Наперадзе нас чакаюць яшчэ чатыры сустрэчы з вядучым, арганізаваных Красным Крыжам: яны адбудуцца ў Горках, Ашмянах, Слоніме і Сянно. А як прахадзіла сустрэча з Юрыем Жыгамонтам у 2015 годзе ў Віцебску, глядзіце на нашым сайце.


  • александр лях

    “Актор здолеў перамагчы хваробу? “. Актор?

    • Анастасия Вереск

      дзякуй за заўвагу, паправім!