Афіша тэатра «Лялька» на кастрычнік

Па-беларуску

8 спектакляў на любы ўзрост і густ з падрабязным расказам пра кожны

Рэпертуар_кастрычнік-02

Леанід Панцялееў

Фенька

(неверагодная гісторыя на 2 дзеі)

Пастаноўка  Міхася Клімчука

Сцэнаграфія, лялькі і касцюмы Аксаны Нікеенка

Пераклад  Людмілы Сіманёнак

Для дзяцей ад 4 год

Фенька

Калі забываюцца дзіцячыя жаданні, а жыццё робіцца нецікавым — уратаваць можа толькі яна. Фенька. Неверагодная дзяўчынка, якая лёгка і спрытна стварае праблемы. Але падчас вырашэння гэтых праблем чалавек можа здзейсніць колішнюю мару і зрабіцца выдатным пісьменнікам.

Спектакль поўніцца фантазіяй, разнастайнымі неспадзяванкамі, дабрынёй і гумарам. Дазваляе зірнуць на звычайныя рэчы з іншага боку і паверыць у немагчымае.

 

 

 

 

 

 

Г.Мацвееў

Адважныя браты

Казка на 2 дзеі

Пастаноўка Віктара Клімчука

Сцэнаграфія Алеся Сідарава

Лялькі і касцюмы Ганны Сідаравай

Пераклад Вікторыі Дашкевіч

Музыка Алега Залётнева

Для дзяцей ад 5 год

Адважныя браты

Маленькі глядач разам з адважным Паляўнічым здзяйсняе цікавае падарожжа ў лес. Там жывуць Мядзведзь, Ліса, Рысь, Пугач, Вожыкі і  маленькія Зайчаняты. Менавіта яны аднойчы вырашаюць стаць смелымі і нікога не баяцца. А артысты прапануюць дзецям паразважаць, хто ж можа быць смелым: той, хто мае страшныя кіпцюры ды зубы, або для гэтага патрэбна нешта іншае?

Дарослыя ў час спектакля таксама падарожнічаюць. Разам з дзецьмі ў лес, а яшчэ ў лялечны тэатр свайго дзяцінства. Кранальную, пяшчотную  атмасферу тэатра 70-х стварае традыцыйная шырма і пашытыя з пушыстага футра лялькі, якія нагадваюць любімыя цацкі дзяцінства.

 

 

 

Ніна Мацяш

Воўк і раз, два, тры…

Музычная казка на 2 дзеі

Пастаноўка Віктара Клімчука

Тэксты песень Пятра Ламана

Сцэнаграфія, лялькі і касцюмы Ганны Сідаравай

Музыка Алега Залётнева

Харэаграфія Валянціны Пачачуры

Для дзяцей ад 3 год

Воўк і 1, 2, 3

У якім творы Воўк хацеў пажывіцца трыма вясёлымі, бесклапотнымі персанажамі? Кім былі гэтыя браты? Ну, канечне, парсючкамі! А паўстае гэтая гісторыя перад гледачом у інтэрпрэтацыі артыстаў кабарэ. Што такое кабарэ? Гэта месца, дзе нарадзіўся жанр эстрады.

Уяўленне малых і дарослых хвалююць запамінальныя мелодыі. Заслона адчыняецца і вось яно – сапраўднае кабарэ. Расквечаная лямпачкамі  дэкарацыя, эфектныя касцюмы артыстаў (якія, дарэчы, у час спектакля будуць неаднойчы мяняцца) і, вядома, казка са сваёй вялікай мудрасцю: будуй жыццё так, каб яго ніякія вятры не разнеслі.

Мікалай Шувалаў

Жыў-быў Заяц

Казка на 2 дзеі

Пераклад Пятра Ламана

Пастаноўка Віктара Клімчука

Сцэнаграфія Алеся Сідарава

Лялькі і касцюмы Ганны Сідаравай

Музыка Алега Залётнева

Для дзяцей ад 5 год

Жыў-быў Заяц (1)

Была ў Лісіцы хатка ледзяная, а ў Зайца лубяная. Вясной ледзяная растала, і рыжая шкодніца выгнала вушастага з пабудаванага ім жытла. Ну а потым з’явіўся смелы Певень і ўзнавіў справядлівасць… Усе ведаюць гэтую немудрагелістую казку для самых маленькіх, але тыя, хто прыйшоў на спектакль, змогуць пабачыць яе зусім па-новаму. Гэтую гісторыю гледачам распавядаюць артысты з непадобнымі характарамі: разважлівы Міхаіл Іванавіч і мітуслівая Муся. Яны то весела жартуюць, то ўсур’ёз перашкаджаюць адно аднаму, то звяртаюцца па дапамогу да юных гледачоў.

Яркія лялькі і арыгінальныя касцюмы выканаўцаў спалучаюцца з мультымедыйным экранам, дзе раптам «ажываюць» персанажы спектакля.

Ганс Хрысціян Андэрсан

Прынцэса і Свінапас

Казка на 2 дзеі

Інсцэніроўка Панча Панчава

Пераклад Валі Ярмілка

Пастаноўка Віктара Клімчука

Сцэнаграфія Алеся Сідарава

Лялькі і касцюмы Ганны Сідаравай

Музыка Алены Яўневіч

Харэаграфія Дзіяны Юрчанка

Для дзяцей ад 7 гадоў

Прынцэса і Свінапас_Афіша

У небагатым прыгожым каралеўстве жыве малады Прынц. Для поўнага шчасця яму не хапае толькі каханай жонкі. Многія прынцэсы не адмовіліся б ад такой долі, ды яму патрэбна толькі дачка самога Імператара. Прынц нясе прыгажуні самае дарагое — чароўную Ружу і Салаўя. Але Прынцэса прывыкла да іншых падарункаў…

Ці зможа каханне паяднаць людзей, што не разумеюць адно аднаго? І ці захавае Прынц сваё пачуццё і чысціню думак, калі пераўвасобіцца ў Свінапаса? Чароўная казка Ханса Крысціяна Андэрсэна выклікае і ўсмешку, і смутак. Бо сённяшнім юнакам і дзяўчатам не прасцей разабрацца ў сапраўдных і несапраўдных рэчах ды пачуццях, чым казачным героям.

 

 

Міхаіл Супонін

Бука

Пастаноўка Віктара Клімчука

Сцэнаграфія і лялькі Алеся Сідарава

Музыка Алега Залётнева

Для дзяцей ад 3 год

Бука

Маленькі Зайка раскапрызіўся, ні з кім не сябруе, не жадае размаўляць. Усе лялькі з тэатра ўцяклі праз  яго! Што рабіць артыстам? Як не сарваць спектакль? Калі дзеці ўжо ў зале і з нецярпеннем чакаюць пачатку. Вядома ж — трэба гуляць! Каб падчас вясёлай, павучальнай, часам нават страшнаватай гульні, Бука зразумеў, што сябры — найважнейшае, што ёсць у  кожнага. Іх трэба берагчы і нельга крыўдзіць.

Спектакль запрашае гледачоў да актыўнага супрацоўніцтва ў перавыхаванні Зайчыка і гарантуе выдатны настрой кожнаму ўдзельніку гэтага займальнага працэсу.

 

 

 

 

Андрэй Усачоў

Асцярожна, Соня!

Пастаноўка Святланы Бень

Сцэнаграфія Алеся Сідарава

Лялькі Ганны Сідаравай

Музыка Алега Залётнева

Для дзяцей ад 3 год

Асцярожна Соня

Гэта вясёлая гісторыя пра маленькае шчанятка — Соню. Аднойчы яе гаспадар Іван Іванавіч сышоў на працу, а Соню пакінуў у хаце за гаспадыню. Вось тут і пачаліся сапраўдныя прыгоды. Соні ўсё цікава: чаму кактус калючы, які ток жыве ў разетцы, чаму ў кране няма рыбак, калі вада цячэ з ракі? Хто ведае, куды б Соню прывяла цікаўнасць, калі бы ў зале не было дзяцей. Менавіта яны — галоўныя памагатыя Івана Іванавіча — перасцерагаюць Соню і вучаць яе правілам бяспечных паводзін.

Задавальненне атрымаюць усе: і суровая суседка Капіталіна Віктараўна, і няўрымслівая Соня, і кожны з гледачоў.

 

 

 

 

Уладзімір Караткевіч

Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў

Спектакль-фантазія

Інсцэніроўка Ганны Сідаравай

Пастаноўка Віктара Клімчука

Сцэнаграфія Алеся Сідарава

Лялькі і касцюмы Ганны Сідаравай

Музыка Алены Яўневіч

Харэаграфія Дзіяны Юрчанка

Спектакль для дарослага гледача

Скрыпка дрыгвы

Спектакль-фантазія перанясе гледача ў далёкія часы – часы Сярэднявечча на Беларусі. Тады, калі кнігі былі забароненыя, калі не было вольнасці, калі адзінай зброяй была музыка, а выратавальнікамі – вандроўныя песняры…

Лепшым з такіх музыкаў, які насіў у сваім сэрцы любоў да роднай зямлі і нагадваў людзям аб забытай свабодзе, гонары і радасці, быў скрыпач Алесь Бан-Жвірба. Пашкадаваўшы самаадданае Каханне бескарыслівых Янука і Марты, што ажаніліся, нягледзячы на пагрозу помсты закаханага ў Марту жорсткага Магната, Бан-Жвірба зрабіў немагчымае і выратаваў маладых.

“Калі ты не складзеш такой песні ў гонар Радзімы і волі – шэлег табе цана” нагадвае нам Уладзімір Караткевіч вуснамі Бана-Жвірбы аб сапраўдным прызначэнні не толькі творцы, але і кожнага чалавека.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий