Site icon Витебский Курьер

Файны прыклад альтэрнатыўнага адпачынку ў нашым горадзе!

дзе ў Віцебску можна станчыць Лявоніху ды гапак

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая,
Ты ж такою прыгажуняй не была.
Як збяромся мы ў свята пагуляць,
Нам Лявоніхі сваёй не пазнаць.

з прыпевак да Лявоніхі

Вечарыны беларускіх танцаў ладзяцца ўжо паўтары гады. Ініцыятыва ўзнікла з падачы сяброў «Студэнтскае этнаграфічнае таварыства». Да гэтага народныя танцы, ці як іх яшчэ называюць побытавыя, не вылучаліся ў асабныя сустрэчы. Удзельнікі аматарскага этнаграфічнага аб’яднання «Поўня» танчылі для душы на святах, выставах і іншых падзеях.

Удзельнікі на Свяце лёну. Фота Стася Палын

Для каго гэтыя вечарыны? На сустрэчы прыходзіць і моладзь, і людзі сталага веку. З сябрамі, замежнымі гасцямі, сем’ямі і дзецьмі, у парах і паасобку. Большасць удзельнікаў не займаецца танцамі прафэсыйна, людзі прыходзяць патанчыць для сябе. Не варта хвалявацца наконт таго, што не ведаеш танцы. Заўсёды ёсць тыя, што могуць паказаць той ці іншы танец.

Майстар-клас па беларускіх танцах. Фота Стася Палын

Акрамя танцаў ёсць магчымасць пагуляць у традыцыйныя народныя гульні ды забаўкі.

Традыцыйная гульня Баяры. Фота Стася Палын

Першая сустрэча ў новым фармаце адбылася 26 лістапада 2015 года ў старым арт-пабе «Торвальд». І з таго часу сустрэчы пачалі праводзіцца рэгулярна.

Скокі ў Торвальда! Фото Стася Палын

Адна з умоў вечарын – жывы гук. Музыкаў запрашаюць як мясцовых, так і з іншых гарадоў Беларусі.

Музыкі Васіль і Мікалай. Фота Стася Палын

За гэты час да нас прыязжалі падыграць музыкі з Менску, Магілёва, Полацка, Лепеля, Гомеля.

Васіль Шкідзер, дудур з Лепеля. Фота Стася Палын
Макар Бабенка распавядае пра ліру. Фота Стася Палын

Варта адзначыць, што танцы даўно выйшлі з узроўня мясцовых сустрэч. Удзельнікаў запрашаюць правесці майстар-класы па танцах не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Майстар-клас па народных танцах у Панямонцах. Фота Стася Палын
Сяткаванне Купалля ў Швейцарыі. Фота Стася Палын

У рамках вечарын адбываецца святкаванне традыцый і абрадаў. Ужо звычаёвай для жыхароў Віцебска стала «Жаніцьба Цярэшкі». Гэта калядная забава моладзі, вядомая яшчэ са старажытных часоў. Як свята адбывалася сёлета, можна паглядзець вось тут. А як прайшлі Вячоркі ў «Задзвінні» – тут.

Маці і бацька на Жаніцьбе Цярэшкі Фото Стася Палын

Што прываблівае удзельнікаў вечарын? Караліна Цярэнцьева, распавяла, чым з’яўляюцца танцы для яе:

Я проста люблю танчыць! Жартую, у нашым сучасным свеце мне не хапае традыцыі. Танцы для мяне цудоўная магчымасць ўзгадаць, як жылі нашыя продкі, што іх хвалявала і весяліла. А таксама гэта добры настрой, цікавыя людзі і файны прыклад альтэрнатыўнага адпачынку!

Удзельніца сустрэч. Фота Караліна Цярэнцьева

Віцебскі музыкант, які адказвае за музакальнае суправаджэнне сустрэч, дудар Мікалай Крыўко:

Музыка займае важнае месца ў маім жыцці. Я вельмі даўно цікаўлюся беларускай культурай. Увесь час знаходжуся ў пошуках духоўнасці. На скрыжаванні ўсяго гэтага – магчымасць граць традыцыйныя танцы і мелодыі. Мне дужа падабаецца атмасфера вечарын. Заўжды прыходжу з вялікім задавальненнем. Цудоўныя ўдзельнікі, я не ведаю якія яны па-за нашымі сустрэчамі, але бачу іх падчас танцаў. Таксама адзначу, што гэта кола маіх сяброў. Калі казаць пра ролю музыкі, то адчуваю, што я на сваім месцы. Я раблю тое, што мне цікава – і гэта прыносіць карысць!

Мікалай Крыўко. Фота Стася Палын

Уваход на вечарыны вольны. Зараз танцы праходзяць па панядзелках а 18.00 у арт-пабе «Торвальд». Расклад сустрэч можна паглядзець у суполцы Вечарыны беларускіх танцаў.

Удзельнікі “Жаніцьбы Цярэшкі”. Фота Стася Палын
Exit mobile version