Людміла Кавальчук: у вытокаў беларускага сатварэння

Город

Выстава керамікі і фарфоравага роспісу Людмілы Кавальчук у Віцебскім мастацкім музеі запрашае дакрануцца да вытокаў нацыянальнага міфа.

Людміла Кавальчук. Дзева і Казярог. 2015 г.
Людміла Кавальчук. Дзева і Казярог. 2015 г.

Творчасць Людмілы Кавальчук з’яўляецца глыбока нацыянальнай і раскрывае разнастайныя бакі беларускага міфа. Выстава мастачкі, што адкрылася 15 верасня і будзе даступная наведвальнікам да канца месяца, непарыўна звязана з творчасцю яе мужа Валерыя Кавальчука, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму. Але застаецца ўражанне, што іх творчы дуэт з’яўляецца да гэтага часу непарыўным, бо мастацтва і сапраўдная іерагамія не ведае межаў паміж жыццём і смерцю.

На адкрыцці выставы
На адкрыцці выставы

Так і адбываецца: выстава Людмілы Кавальчук «Фарфор. Роспіс» гаворыць нам не проста аб старадаўняй мінуўшчыне, але і аб вобразах і архетыпах нацыянальнай традыцыі, якія жывуць у сэрцы кожнага сучаснага свядомага беларуса. Нацыянальны пачатак, так ярка выяўлены ў экспазіцыі, прапаноўвае зазірнуць у далеч гісторыі і знайсці менавіта тое, што адгукаецца ўнутры. А тэматычны шэраг твораў мастачкі вельмі разнастайны і закранае розныя бакі гістарычнага шляху беларусаў, якія на сённяшні дзень пачынаюць складацца ў адзінае асэнсаванае цэлае.

Людміла Кавальчук. Трыптых "Вытокі". 2015 г.
Людміла Кавальчук. Трыптых “Вытокі”. 2015 г.

Трэба падкрэсліць, што творы Людмілы Кавальчук – гэта не простае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў сэнсе выключна народнай культуры. Тое, што хавалася за глыбінямі шматвяковай нацыянальнай гісторыі, цяпер становіцца відавочным і паўстае цывілізацыйным выклікам у сучасным свеце. І мастачка дае адказ на гэты выклік і ажыццяўляе выбар: арыстакратызм, шляхецтва, высакародныя заходнія вытокі беларускай традыцыі супраць растварэння ў абязлічаным еўразійскім катле.

Людміла Кавальчук, Валерый Кавальчук. Паляванне Радзівілаў. 1995 г.
Людміла Кавальчук, Валерый Кавальчук. Паляванне Радзівілаў. 1995 г.

Мастацтва Людмілы Кавальчук з’яўляецца духоўным і закранае глыбінныя сакральныя вытокі беларускай традыцыі. Пры гэтым яно зусім не канфесійнае. Праваслаўныя, каталіцкія, язычніцкія, акультныя пласты пераходзяць адзін у аднаго і ажыццяўляюць вольны дыялог. Усе яны адзіныя ў галоўнай арыентацыі: на Прыгажосць, на трансцэндэнтальнае, на перадачу нязменнага багацця нацыянальнага сакральнага космасу.

Людміла Кавальчук, Валерый Кавальчук. Кампазіцыя "Вольга". 1998 г.
Людміла Кавальчук, Валерый Кавальчук. Кампазіцыя “Вольга”. 1998 г.

Выстава Людмілы Кавальчук закранае астралагічныя асацыяцыі, і гэта звязана менавіта з вобразамі Дзевы і Казярога, якія датычацца як да асабістага лёсу мастачкі, так і раскрываюць пэўную праекцыю беларускай мінуўшчыны на сучаснасць. Казярог выходзіць з ракавіны, якая сімвалізуе груз навязаных памылак і абмежаванняў і імкнецца да рэалізацыі сваёй вышэйшай гістарычнай мэты. А сакральная Дама, персанаж гэтак характэрны для беларускай міфапаэтычнай і літаратурнай традыцыі, паказвае на шлях ажыццяўлення прызначанага звышдухоўнага вектара.

Людміла Кавальчук: у вытокаў беларускага сатварэння
Людміла Кавальчук. З дыптыха “Дзева і Казярог”. 2015 г.

Гісторыя Віцебшчыны, іерагамічная сувязь знакавых персанажаў беларускай мінуўшчыны – усё гэта адгукаецца ў сённяшнім дні і ўзвышае асобасны і сацыяльны кантэкст сучаснага існавання. Людміла Кавальчук таксама звяртаецца да карнавальных аспектаў заходняй культуры і раскрывае ў іх свет чалавечага існавання як прастору праявы найвышэйшых эстэтычных імпульсаў. І, зразумела, шахматы ўвасабляюць няспынную гульню жыцця, і рэалізацыю сацыяльных і чалавечых магчымасцяў у плыні пэўнага перыяду альбо маніфестацыі. Варта адзначыць, што шахматы Людмілы і Валерыя Кавальчукоў з’яўляюцца вельмі беларускімі і такім чынам кажуць аб хітраспляценнях нацыянальнай гісторыі.

Людміла Кавальчук: у вытокаў беларускага сатварэння
Людміла Кавальчук, Валерый Кавальчук. Шахматны набор “Цырк”. 1998 г.

На адкрыцці выставы Людмілу Кавальчук віталі сябры і калегі-мастакі. Дырэктар Віцебскага мастацкага музея Вольга Акуневіч гаварыла пра яе жыццё і творчасць, што гэта «жаночая мудрасць і ў той жа час гэта стойкасць, трываласць, якім могуць пазайздросціць нават мужчыны». Жывапісец Мікалай Гугнін распавядаў аб кераміцы як аб цэлым свеце, і пра тое, што яна «была, ёсць і будзе заўсёды на нашай беларускай зямлі». А старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская адзначыла, што Людміла Кавальчук «робіць мастацтва жывым, яна ўдыхае ў яго жыццё, яна ўдыхае ў яго шчасце жыцця, якое перадаецца ўсім астатнім».

Святлана Баранкоўская, Людміла Кавальчук, Вольга Акуневіч
Святлана Баранкоўская, Людміла Кавальчук, Вольга Акуневіч
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий