Хрыстос уваскорос! Сапраўды ўваскрос!

«Божага супакою, святла і бласлаўлення!» «Віцебскі кур’ер» далучаецца да віншаванняў

У сваім Пастырскім пасланні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на Вялікдзень 2018 года прамовіў:

Віншую ўсіх вас са святам Пасхі Хрыстовай.

Віншую тых хрысціян, якія разам з намі святкуюць гэтае свята святаў.

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія будуць адзначаць свята перамогі Хрыста над злым духам, грахом і смерцю праз тыдзень.

Віншую ўсіх суайчыннікаў.

Ласкі ўваскрослага Езуса, Яго святла і благаслаўлення, моцнай веры і любові Бога і бліжняга ўсім нам і нашай Бацькаўшчыне Беларусі, каб яна з дня на дзень уваскрасала да новага жыцця.

Няхай праўда ўваскрасення стане новай духоўнай ін’екцыяй, якая адновіць жыццё нашага грамадства, а ўваскрослы Збаўца будзе нашай надзеяй і вядзе ў шчаслівую будучыню — да новай абяцанай зямлі, якой з’яўляецца Божае Валадарства.

Гэтыя велікодныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

З поўным пасланнем тадэвуша Кандрусевіча можна пазнаёміцца на сайце catholic.by.

католики вербное воскресенье

Витебский кафедральный костел Иисуса Милосердного. В нем в 2017 году службу возглавил епископ Олег Буткевич. Фото Светланы Васильевой

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч павіншаваў вернікаў са святам Хрыстовага Уваскрасення і пажадаў поўнай радасці, трывалай надзеі і дзейснай любові:

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, дарагія дыяцэзіяне!

«Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў» (Ян. 20, 8). Пустая магіла, скручаныя палотны і яшчэ жывая ў памяці падзея Вялікай Пятніцы прывялі апосталаў да веры ва Уваскрасенне. Іх сведчанне стварае сёння падмурак нашай веры ў перамогу Хрыста над грахом і смерцю! 

Радасным «Алелюя» мы зноў вызнаем праўду пра тое, што Езус жыве! Вяртаючыся да Евангельскіх падзей, мы прагнем разам з апосталамі перажыць іх здзіўленне і радасць ад сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом. Прайсці па дарозе ў вёску Эмаус, услухоўваючыся ў тлумачэнне прароцтваў Святога Пісання, разам з апосталам Пятром закінуць сеці ў возера на слова Уваскрослага Настаўніка, Які стаіць на беразе і чакае, каб накарміць сваіх вучняў рыбай і хлебам. І, безумоўна ж, разам з апосталам Тамашам дакрануцца да ранаў Збаўцы, вызнаючы, што яны належаць «…майму Пану і майму Богу» (Ян 20, 28).

Гэта не павінны быць толькі ўспаміны. Уваскрослы Езус і сёння прагне ісці з намі дарогамі нашага жыцця, быць дапамогай і падтрымкай у нашай працы, туліць нас да Свайго Параненага Сэрца ў хвіліны выпрабаванняў і роспачы. Ён і надалей прысутны сярод тых, хто Яго шукае, і надалей прыходзіць да нас у сваім Слове, Сакрамантах і ў іншым чалавеку. Бо як Сам сцвярджаў, паводле Евангеліста Мацвея: «…Вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц. 28, 20).

Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб няспынна памяталі пра гэтую прысутнасць Уваскрослага Збаўцы не як суровага суддзі, а як літасцівага Сябра і Міласэрнага Айца. Бо Ён ведае людское жыццё, яго пасткі, недахопы і сапсаванасць, а разам з тым ведае, як зрабіць яго лепшым. Няхай дзякуючы такой веры ваша радасць будзе поўнай, надзея трывалай, а любоў дзейснай!

Хрыстос Уваскрос! Алелюя! Са святам!

Божага супакою, святла і бласлаўлення!

РЕКЛАМА


РЕКЛАМА