І смешна, і сумна. Журналістка Ганна Дусь трапіла ў сітуацыю, у якой не змагла выконваць свае прафесійныя абавязкі

Общество

Нават калі вакол руіны, нават калі вайна, прафесія журналіста прымушае рабіць сваю працу насуперак любым абставінам. Тым, хто паказвае нам, што адбываецца менавіта зараз, без флёру і хлусні, не перашкаджаюць, бо гэта – прафесійны абавязак.

Але падзеі, звязаныя з маршамі недармаедаў і Днём волі ў Беларусі пераканалі нас, што гэта не заўсёды так. І нават журналісты не пазбаўлены рызыкі быць затрыманымі, калі выконваюць свае прафесійныя абавязкі. І з перашкодамі можна сутыкнуцца не толькі пад час акцыі, але нават і ў судзе.

Ганна Дусь. Фота з асабістага архіва
Ганна Дусь. Фота з асабістага архіва

Ганна Дусь, журналістка-фрылансер і супрацоўніца «Бабруйскага кур’ера», апынулася ў сітуацыі, калі патрапіць на суд і выканаць свой прафесійны абавязак аказалася немагчыма. 23 сакавіка па заданні рэдактара Ганна, разам з журналістам «Бабруйскага кур’ера», Віктарам Качанам, прыйшла на суд над старшынёй бабруйскай філіі прафсаюза РЭП Галінай Смірновай, каб асвятляць працэс. Калегі сутыкнуліся з нечаканымі перашкодамі з боку супрацоўнікаў пракуратуры.

 «Каля будынка суда чакалі яшчэ некалькі актывістаў, у тым ліку муж затрыманай. Прыблізна а 15 гадзіне прыехаў падпалкоўнік Сяргей Рудзько і паведаміў, што суд над Галінай Смірновай адбудзецца ў іншы дзень, а потым скамандаваў усім грузіцца ў міліцэйскі бус», – распавядае Ганна.

Рудзько сказаў, што журналісты павінны праехаць нібыта для «прафілактычнай гутаркі» з пракурорам. Ганна і Віктар, канешне, спрабавалі давесці, што здзяйсняюць тут свае прафесійныя абавязкі, але падпалкоўнік праігнараваў іх словы.

«У выніку нас усіх пагрузілі, у тым ліку з намі паехаў сабака Віктара Качана… было і смешна, і сумна».

Журналістаў адпусцілі толькі пасля званкоў з боку галоўнага рэдакатара «Бабруйскага кур’ера».  Аднак Віктару Качану прыйшлося напісаць заяву, у якой ён паведаміў аб парушэнні сваіх журналісцкіх правоў, запатрабаваў праверку і прыняцце пэўных мер.

Віктар Качан. Фота з асабістага архіва
Віктар Качан. Фота з асабістага архіва

Прафілактычная гутарка з журналістамі так і не адбылася, але дастаўленых разам з імі актывістаў папярэдзілі аб тым, што ў выпадку арганізацыі «Марша недармаедаў», яны будуць прыцягнутыя да адказнасці. А потым усіх адпусцілі.

Адразу пасля затрымання галоўны рэдактар «Бабруйскага кур’ера» праінфармаваў аб непрыемным выпадку пракуратуру і УУС, запатрабаваўшы не перашкаджаць больш працы эжурналістаў. Таксама аб грубым парушэнні журналісцкіх працоўных правоў былі праінфармаваныя Беларуская асацыяцыя журналістаў і незалежныя СМІ.

Нягледзячы на тое, што ганна і Віктар адразу патлумачылі супрацоўніку міліцыі, што здзяйсняюць свае працоўныя абавязкі і паехалі з Рудзько па прымусу, з Бабруйскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Віктар Качан атрымаў на сваю скаргу праз некалькі дзён такі адказ:

«… довады заяўніка не ўтрымліваюць звестак аб відавочна супрацьпраўных дзеяннях з боку супрацоўніка УУС Бабруйскага гарвыканкама Рудзько С. В. Так, згодна з тлумачэннямі Качана В. М., ён сам добраахвотна прайшоў у пракуратуру г. Бабруйска па просьбе міліцыі».

Пазней з боку Следчага камітэта па скарзе ад 23 сакавіка Віктар Качан атрымаў адразу два абгрунтаванні нечаканаму затрыманню журналістаў. Як паведаміў сайт БАЖ, у адказе з Бабруйскага міжраённага аддзела Следчага камітэта паведамлялася:

«Устаноўлена, што вашы заявы не ўтрымліваюць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынстваў, прадугледжаных нормамі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а з’яўляюцца скаргай на дзеянні службовай асобы УУС Бабруйскага гарвыканкама, які ажыццяўляў прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым адсутнічаюць падставы для правядзення праверкі…»

У другім адказе, які прыйшоў з боку УУС Бабруйскага гарвыканкама было пазначана:

«Падчас праверкі было ўстаноўлена, што начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Рудзько С. В. вашай законнай прафесійнай дзейнасці не перашкодзіў і з яго боку адсутнічаюць супрацьпраўныя дзеянні».

Нагадаем, што артыкул 198 УК РБ устанаўлівае пакаранне за перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, за ўціск яго правоў і законных інтарэсаў.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий