Як у Віцебску загукалі вясну

Культура

і развіталіся з зімой

гуканне вясны 11
“Благаславі, божа, зіму замыкаці, Зіму замыкаці, вясну загукаці” (вяснянка Горацкага павета). Фота Вольгі Віцебскай

Гуканне вясны – гэта вельмі старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы з вясной. Цікава, што, паводле даследчыкаў, гэты звычай характэрны менавіта для Усходняй Беларусі. Аднак у розных мясцінах гуканне вясны адбывалася ў розны час.

гуканне вясны 6
Гуканне вясны – старажытны беларускі абрад. Фота Вольгі Віцебскай

У нашай мясцовасці гэты абрад звычайна адбываўся пасля Масленічнага тыдня. Некаторыя лічаць, што ўплыў мела хрысціянства, бо якраз у гэты час пачынаўся Вялікі Пост са строгай забараной танчыць і спяваць, есці смачнае. Гуканне вясны «замыкала» зімовае кола весялосці.

гуканне вясны
Жавароначкі, прыляціце. Фота Вольгі Віцебскай

Часцей за ўсё дзяўчаты збіраліся на высокім адкрытым месцы, у нашай мясцовасці пераважна на беразе ракі ці возера, на краі лесу, а ў некаторых частках Беларусі гэта маглі быць і дахі хат ці лазняў. Высокае месца выбіралі таму, што яно раней за астатнія вызвалялася з-пад снегу. Маладыя дзеўкі спявалі вяснянкі – песні, у якіх клікалі вясну і развітваліся з халоднай зімой. Спевы суправаджаліся падкідваннем уверх печыва ў выглядзе птушак – жаўрукоў, кулікоў, буслоў.

гуканне вясны 18
Пачаставацца жавароначкамі ў суботу маглі ўсе. Фота Вольгі Віцебскай

Звычайна выпякалася 40 птушак, якія раздаваліся дзецям. Звычай падкідаць птушак, імітаваць іх рух павінен быў паскорыць прылёт «сарака выраяў», а значыць, і прыход цяпла.

Важным момантам свята было паленне вогнішча. Хлопцы збіралі розныя старыя і непатрэбныя рэчы, якія назапасіліся ў хатах і дварах за зімовыя месяцы, і распальвалі вялікае вогнішча. Часамі, як і на купальскае свята, ладзіліся скокі праз агонь і ігрышчы. Рытуал меў на сабе адбітак глыбокага старажытнага звычаю пазбаўлення ад непажаданых з’яў у жыцці.

гуканне вясны 4
Рыхтуемся да скокаў. Фота Вольгі Віцебскай

Вядома, што ў некаторых частках Беларусі захаваўся абрад «затанцоўвання» вясны. Моладзь збіралася ў вялікія гурты і вадзіла карагоды. Магічнаму колу прыпісвалася незвычайная сіла, бо кола карагода абараняла і захоўвала будучы ўраджай: «Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць…»

Цікава, што на Віцебшчыне побач з абрадавым карагодам гуканне вясны суправаджалася вельмі рухомымі скокамі, што таксама павінна было спрыяць ураджайнасці.

collage
У Віцебску вясну віталі заўзятымі скокамі. Фота Вольгі Віцебскай

Нярэдка хлопцы з дзяўчатамі гушкаліся на арэлях і спявалі так званыя «арэльныя» песні. Гэта дзеянне таксама мела магічную абрадавасць: трэба было як мага вышэй падлятаць на арэлях, бо тады буйнейшымі будуць расці лён і іншыя расліны. І дзеці павінны былі пагушкацца на арэлях хоць бы адзін раз, каб быць здаровымі і моцнымі ўвесь год.

У некаторых сёлах на неараным полі раскладвалі агонь і выбіралі «вясноўку» — прыгожую дзяўчыну. На галаву ёй апраналі вянок, саджалі на барану і з песнямі вазілі вакол вогнішча.

1 collage
Падчас свята можна было пабавіцца інтэлектуальнымі гульнямі. Фота Вольгі Віцебскай

На жаль, сёння ўсё часцей народныя святы паступова перетвараюцца ў відовішчы, арганізаваныя работнікамі культуры, а таму прысутныя робяцца не ўдзельнікамі і суперажывальнікамі свята, а звычайнымі сузіральнікамі. Нярэдка ў мерапрыемстве значнае месца займае гандаль, а не абрадавасць, што стварае спажывецкія адносіны да культуры, і ў выніку свята атрымлівае псеўданацыянальны каларыт. Таму асабліва прыемна і карысна, калі нацыянальны абрад атрымліваецца сапраўды народным, і  ўдзельнікі робяцца самі стваральнікамі свята.

гуканне вясны 12
Фота Вольгі Віцебскай

У Віцебску 19 сакавіка полацкі фальклорны гурт «Варган» аб’яднаў усіх зацікаўленых традыцыйнай культурай беларусаў. У праграме «Гукання вясны» былі і спевы дзяўчат, і чаяванне з частаваннем «жавароначкамі», а таксама вельмі імпэтныя танцы і гульні пад заўзятую музыку і спевы гурта.

гуканне вясны
“Вясна красна, Што ж ты нам прынясла? ” (вяснянка Магілёўскага павета). Фота Вольгі Віцебскай
гуканне вясны 7
“Ай, вясна-вясна, вясна севярыстая, Баюся цябе: ссеверыш мяне” (вяснянка Сенненскага раёна) Фота Вольгі Віцебскай

гуканне вясны 21

“Дзякуй богу, Што вясна прыйшла. Я, малада, Каля жыта пайшла” (вяснянка Дзісенскага павета). Фота Вольгі Віцебскай

Калектыў «Варгана» займаецца вывучэннем і аднаўленнем беларускай традыцыйнай творчасці: песеннай (як абрадавай, так і лірычнай), танцавальнай, інструментальнай. Прынцыповая пазіцыя ўдзельнікаў гурта – імкненне да пераняцця аўтэнтычнай, арыгінальнай манеры выканання. «Варган» прымае удзел у разнайстайных культурных мерапрыемствах, рэканструкцыі абрадавых дзеяў, праводзіць спеўныя і танцавальныя вечарыны.

гуканне вясны 16
“— Ой, бору мой, бору мой, Чаму, бору, не вясёл? — Як я маю вясёл быць, Калі ў мяне пташак нет” (вяснянка Верхнядзвінскага раёна). Фота Вольгі Віцебскай
гуканне вясны 17
“Благаславі, божа, На ўзгорачку сесці Вясну загукаці, Лецечка адмыкаці…” (вяснянка магілёўскага павета). Фота Вольгі Віцебскай
гуканне вясны 20
“Дай, божа, на жытачка род, На статачак плод, Людзям на здароўе” (вяснянка Горацкага павета). Фота Вольгі Віцебскай
гуканне вясны 19
“Да вясна красна, Дзе ты была? Да што ты нам прынясла?” (вяснянка Лёзненскага раёна). Фота Вольгі Віцебскай

Дарэчы, у «Задзвінні» ў прошлым годзе ладзілі аўтэнтычную «Жаніцьбу Цярэшкі», абрадавую гульню-ігрышча каляднага цыкла. Традыцыйнае сватанне моладзі, арганізаванае і віцебскімі, і полацкімі гуртамі, прыйшлося даспадобы ўсім.

 

гуканне вясны 24
Варган грае. Фота Вольгі Віцебскай
гуканне вясны 5
“— Ой, вясна, вясна, вясеначка, Дзе твая дачка-паненачка?  — Пагнала бычкоў у ліпачкі, У ліпачкі, За ёю хлопцы ў скрыпачкі, У скрыпачкі, А Васілёчкі ў галасочкі, Ў галасочкі, А Іванчыкі ў барабанчыкі” (вяснянка Рагачоўскага раёна). Фота Вольгі Віцебскай

Карысна ведаць, што не ва ўсіх славянскіх ды еўрапейскіх народаў звычай сустрэчы вясны выдзяляецца з асобны святочны абрад. Напрыклад, у Заходняй Еўропе стражытнае свята сустрэчы вясны ўваходзіла ў масленічныя карнавалы.

гуканне вясны 2
Свята скончылася – асалода засталася. Фота Вольгі Віцебскай

Напрыканцы хочацца дадаць, што вельмі важным уяўляецца не згубіць свае нацыянальныя адметнасці, асабліва тое, што датычыцца абрадавасці асобнай мясцовасці. Яшчэ можна паспытаць у сваёй радзіны на вёсцы, як у сапраўднасці гэта адбывалася. І паверце: бабулі і дзядулі яшчэ прыпамінаюць такое, аб чым нідзе і ніколі не даведаешся. Але ўсё гэта наша, роднае, асобнае, ні да кога не падобнае імкліва страчваецца…

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. Владимир

    Жаль,что весну искали не на природе…

    Ответить
    1. Напэўна, халоднае надвор’е ў той дзень не вельмі таму спрыяла))

      Ответить