6 віцебскіх мастакоў аб выставе Рыгора Сітніцы “Простыя рэчы”

Город

Выстава вядомага майстра, старшыні Беларускага саюза мастакоў, у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, паказала сабой выраз беларускага традыцыяналізму.

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца

У выяўленчым плане традыцыяналізм Рыгора Сітніцы выяўляецца, здавалася б, у праявах, якія выключаюць ідэю традыцыі. Аднак гэта толькі для тых, каму не вядомыя хітраспляценні шляхоў гісторыі мастацтва, як яму. Знешні кантэкст не выклікае ніякіх сумневаў: мы бачым палацавыя і храмавыя будынкі, а таксама складнікі старадаўняга сялянскага побыту. Тым не менш, сутыкаючыся з прынцыпамі выяўленчасці, мы бачым у пабудове кампазіцыі элементы канструктывісцкай і супрэматычнай рытмікі.

Магло б здацца, што гэта павінна разбурыць любую ідэю традыцыі. Толькі вось варта ўспомніць, што менавіта на беларускай зямлі адбылося зараджэнне некаторых мадэрнісцкіх напрамкаў, якія глыбока зазіраюць ў старажытныя імпульсы калектыўнага несвядомага. У гэтых адносінах мадэрнізм з’яўляўся спробай ўваскрашэння найбольш глыбінных і сапраўдных падстаў глабальнай традыцыі на новым вітку гістарычнага шляху чалавецтва. Таму авангардныя элементы ў творчасці Рыгора Сітніцы самым непасрэдным і натуральным чынам звязаныя з выразам нацыянальнай архаікі. Між іншым, і аскетызм выяўленчых сродкаў мастака так карэлюе з традыцыйным абліччам беларускай культуры.

Р. Сітніца. Гаспода
Р. Сітніца. Гаспода

Сапраўды, жнівеньская выстава ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва раскрывае незвычайна цэласны свет, у якім мінулае і сучаснасць знаходзяць паўнату гармоніі. Раўнавага элементаў выяўленчага космасу – неад’емная рыса творчасці Рыгора Сітніцы. І нашы гутаркі з яго віцебскімі калегамі, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі аб выставе, раскрываюць гэты гарманічны вобраз самога творцы: мастака, паэта, даследчыка нацыянальнай архаікі.

Р. Сітніца. Менск. Спроба рэінкарнацыі
Р. Сітніца. Менск. Спроба рэінкарнацыі

Мікалай Дундзін, дырэктар Мастацкага салона-галерэі “Сцяна”, мастак.

Мяне прыемна ўразілі работы Рыгора Сітніцы. Гэта вельмі прафесійны малявальшчык, у яго ўсё вельмі надзейна, моцна, і ўся архітэктоніка яго твораў суцэльная і зроблена па-майстэрску. Тое, што ў яго прысутнічае нацыянальнае, – гэта адназначна. На адкрыцці выставы Рыгор Сітніца падкрэсліў сваю прыхільнасць супрэматызму, і, гледзячы на яго працы, можна пераканацца ў наяўнасці архітэктонікі ліній, перасячэння вертыкаляў і гарызанталяў.

Пасада старшыні Беларускага саюза мастакоў зусім не простая, гэта вельмі цяжкая праца, калі прыходзіцца ўладжваць эканоміку, фінансы, палітыку, псіхалогію і іншыя фактары. Тым больш, калі ты мастак, калі ты хочаш працаваць, табе даводзіцца з цяжкасцю ўсё гэта сумяшчаць.

Уражвае яшчэ тое, што ён піша вершы. На адкрыцці выставы ён на працягу гадзіны чытаў свае вершы. Таму Рыгор Сітніца сам па сабе ёсць з’ява: добры старшыня, усебакова развіты чалавек, які добра гаворыць, добра складае вершы, добра малюе. Гэта выдатна і прыгожа, і мы павінны ганарыцца такім старшынёй.

Ён яшчэ дэмакратычны, вось што цікава. У яго вельмі шмат сяброў, шмат людзей, з кім ён можа мець зносіны. Некалькі разоў ён наведваў і наш Мастацкі салон-галерэю «Сцяна». На нашым вяку прайшло шмат людзей, якія былі старшынямі, і іх было не дастаць, і да іх трэба было падыходзіць як да фараона. А Рыгор Сітніца вельмі просты чалавек, заўсёды выслухае і дапаможа, калі гэта трэба.

Рыгор Сітніца і Мікалай Дундзін
Рыгор Сітніца і Мікалай Дундзін

Віктар Шылко, мастак.

Рыгор Сітніца ўжо даўно працуе ў гэтым плане, і яго, вядома ж, можна назваць вялікім майстрам. Як чалавек ён выдатны, да таго ж піша цудоўныя вершы. Вельмі лірычны чалавек … Ён не бярэ нейкія глабальныя тэмы, ён выбірае простыя рэчы, і ў іх распрацоўвае сваю канцэпцыю. Не прэтэндуючы на вялікія лаўры, ён валодае яркай мастацкай назіральнасцю і займае сваё непаўторнае месца ў сучасным беларускім мастацтве.

Рыгор Сітніца і Віктар Шылко
Рыгор Сітніца і Віктар Шылко

Алег Кастагрыз, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, мастак.

Я заўсёды рады, калі ў нас паказваюцца мастакі з Мінска, тым больш такога ўзроўню. Гэта заўсёды цікава і карысна, таму што ёсць магчымасць супаставіць з сабой, з іншымі віцебскімі мастакамі. Вядома ж, Рыгор Сітніца цікавы мастак, у яго выдатныя беларускія вершы, і ён выдатна валодае беларускай мовай. Я ўжо даўно пераканаўся, што беларуская мова, як і руская, і ўкраінская, бывае вельмі рознай у залежнасці ад таго, хто гаворыць. Тут мае вырашальнае значэнне ўзровень культуры валодання мовай. У Рыгора Сітніцы прыгожая беларуская мова, а ў яго вершах – неапісальна прыгожая. Выдатныя вершы па думцы і па эмацыйнаму градусу.

Гледзячы на гэтую вялікую персанальную выставу, усе ранейшыя ўражанні пра яго, як пра мастака, у мяне пацвердзіліся. У яго працах закладзены выдатныя пачуцці сапраўднай мастакоўскай любові да таго, што ён адлюстроўвае. На персанальнай выставе гэта яскрава выявілася. Справа ў тым, што на працягу апошніх некалькіх дзесяткаў гадоў назіраецца тэндэнцыя вымывання выяўленчасці ва ўгоду выразнасці. Мне здаецца, што ў Рыгора Сітніцы і выяўленчасць, і выразнасць на вышэйшым прафесійным узроўні.

Выяўленчасць ў яго не з’яўляецца самадастатковай, а падпарадкаваная мастацкай вобразнасці. Мастак не проста паказвае нешта гледачу, «вось, як гэта выглядае», але кампазіцыйная структура ў яго творах спадарожнічае таму, што малюнак становіцца сімвалам, ён становіцца знакам этнасу, знакам эпохі, знакам культуры, якая ў чым-то сыходзіць, але і ў чым-то трансфармуецца. Бо, калі мы гаворым пра нейкае мінулае жыццё, яно ж не сыходзіць проста так, яно пераўтвараецца ў сучаснае, а сучаснае ператворыцца ў будучыню. Дух гэтых пераўтварэнняў і выказваюць працы Рыгора Сітніцы.

Р. Сітніца. Вільня. Касцёл святой Ганны
Р. Сітніца. Вільня. Касцёл святой Ганны

Уладзімір Вальноў, мастак.

Для работ, прадстаўленых на выставе Рыгора Сітніцы, характэрна не змалёўванне з натуры, хай нават даведзенае да абсалюту, а пражыванне паўнаты жыцця абранага аб’екта ў творчасці. Кажуць, што адны мастакі пішуць крывёю, як, скажам, Вінцэнт Ван Гог, іншыя колерам, як Марк Шагал… Мне здаецца, што Рыгор Сітніца піша бязмежнай любоўю нават да самога няхітрага прадмета сялянскага побыту. І тады паміж мастаком, карцінай і гледачом узнікае даверная сувязь. Усё, што піша мастак Рыгор Сітніца, становіцца для цябе блізкім і родным. Руйнуецца наступны стэрэатып разумення сучаснага мастацтва: калі гэта мастацтва, то не для ўсіх, а калі для ўсіх, то гэта не мастацтва.

Р. Сітніца. Сустрэтае
Р. Сітніца. Сустрэтае

Святлана Баранкоўская, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, мастачка.

Выстава Рыгора Сітніцы ўразіла тым, што чалавек, які бярэ простыя кампазіцыйныя формы, у якія ўпісвае натуралістычныя, знаёмыя ўсім і кожнаму прадметы, дасягае глабальных вынікаў. Усё гэта – зусім простымі выяўленчымі сродкамі. Для Віцебска гэта не проста рэдкасць, а эксклюзіў. У нас мала графікаў, прычым такога ўзроўню. Хочацца яшчэ сказаць пра Рыгора Сітніцу як пра вельмі прыстойнага чалавека, прычым таго, якога ўлада ніяк не змяніла, які адносіцца да яе з доляй гумару, разумеючы, што ён у першую чаргу застаецца мастаком.

Для Віцебска гэтая выстава яшчэ і тым добрая, што на яе прыкладзе моладзь можа ясна ўбачыць, што сучаснае мастацтва – гэта ў першую чаргу майстэрства. Тое, чаго не хапае шматлікім сучасным маладым мастакам, якія могуць ставіцца да мастацтва як да філасофіі, як да сродку зарабляння прэстыжу, славы, грошай. Мастацкага майстэрства, мастацкага рамяства ў самым лепшым сэнсе гэтага слова, сапраўды не дастае, каб было зроблена не проста добра, а з вельмі тонкім мастацкім густам. Але калі майстэрскае мастацтва напоўнена глыбіннымі сэнсамі і вельмі сур’ёзным стаўленнем да нацыянальнай культуры, то яно раскрываецца цалкам новымі гранямі і прымушае думаць.

У прынцыпе, сучаснае мастацтва пайшло ад тых людзей, якія праславілі Віцебск: Казімір Малевіч, Марк Шагал, Марк Ротка. Аддаўшы гэта свету, мы забываемся пра тое, што менавіта беларуская зямля дала рух усяму сусветнаму мастацтву XX – пачатку XXI стагоддзя. А Рыгор Сітніца вяртае нас да гэтых вытокаў, вяртае да тых каранёў, ад якіх сучаснае мастацтва і пайшло. Можа быць для таго, каб перагледзеўшы, выйсці на новыя пласты, на новыя грані.

Рыгор Сітніца і Святлана Баранкоўская
Рыгор Сітніца і Святлана Баранкоўская

Міхась Цыбульскі, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, мастацтвазнаўца, мастак.       

Па-першае, Рыгор Сітніца вельмі адметная асоба ў беларускай графіцы, бо ён працуе з матэрыялам, можа, не вельмі шырока распаўсюджаным, са звычайнымі алоўкамі. І вось гэтымі мінімалістычнымі сродкамі ён дабіваецца вось такога выдатнага выніку, такога майстэрства выяў, якія мяжуюць блізка да гіперрэалізму, і разам з тым нешта плыве ад канструктывізму. Пра гэта ён кажа сам, ён гэта адзначае як ўласную стылістыку, але не толькі гэта…

Вельмі важна, што тут ўнутраны такі надзвычай беларускі кантэкст. Ён прысутнічае паўсюду. Фрагменты дамоў, іншых пабудоў, унутры сябе вельмі філасафічныя і канцэптуальныя. Хоць ён часам і кажа, што быццам не задумвае такую канцэптуальнасць, але гэта на самой справе не так. Канешне, гэта канцэптуальнасць. І такія мастацкія творы глыбокія.

Паказальна, што ўнутраная паэтыка вобразаў, якія стварае мастак, яна, па сваёй сутнасці, рамантычная і лірычная. Пры тым гэта выклікана ўнутраным характарам творцы, бо ён, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і цудоўны паэт, у яго ёсць зборнікі вершаў і выдатная проза. І ён вельмі старанна складае такія лірычныя і рамантычныя вобразы. І гэта адбіваецца як раз у тым, можа знешне не ачалавечаным свеце, які пададзены без людзей, але ён па сутнасці сваёй вельмі тонкі, напоўнены непераходзячым лірызмам і рамантызмам.

На адкрыцці выставы Рыгора Сітніцы ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва
На адкрыцці выставы Рыгора Сітніцы ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий