«Мой Віцебск» Уладзіміра Пракапцова

Город

Адкрыццё выставы адной карціны, якая была перададзена ў дар Віцебскаму мастацкаму музею, адбылося 8 жніўня.

Уладзімір Пракапцоў
Уладзімір Пракапцоў

Нагадаем, што Уладзімір Пракапцоў больш за ўсё вядомы як адміністратыўны дзеяч, бо з 1998 года ён з’яўляецца дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея (г. Мінск). Пры тым, што гэты музей таксама мае значныя філіялы у розных месцах краіны. А яшчэ Уладзімір Пракапцоў мастацтвазнаўца, аўтар некалькіх манаграфій і мноства навуковых артыкулаў. Ну і мастак, вядома, вельмі цікавы. З Віцебскам яго перш за ўсё звязвае “Аlma mater”, а гэта мастацка-графічны факультэт Педагагічнага інстытута, які ён скончыў у 1975 годзе.

Таму невыпадкова, што свой чарговы дзень нараджэння Уладзімір Пракапцоў сустрэў у Віцебскім мастацкім музеі, у коле сваіх калегаў, сяброў і паплечнікаў. Час быў вызначаны вельмі дакладна: 8-га жніўня, 8-га месяца, а 8-й гадзіне, 8-й хвіліне і 8-й секундзе раніцы. Гэта вельмі сімвалічнае супадзенне адной лічбы, якая азначае час яго нараджэння, бясконцае паўтарэнне “знака бясконцасці”, гаворыць і аб характары здзяйснення сваёй місіі мастаком. Сапраўды, можна толькі здзіўляцца інтэгратыўнасці разнастайных талентаў Уладзіміра Пракапцова і таму, як ён валодае часам, паспяваючы рэалізаваць сябе ва ўсіх іпастасях.

Карціна “Мой Віцебск” раскрывае уяўленне мастака аб горадзе, як аб “беларускім Парыжы” і “мастацкай Мекке”, у адпаведнасці з яго словамі. Ён гаварыў аб непаўторнай аўры Віцебска культурнага і містычнага, і гэтую аўру, адлюстроўваючы сябе ў гарадской прасторы, ён стараўся перадаць. У выніку атрымалася карціна сапраўды сімвалічная і, па словах мастака, “зараджаная добрай аўрай”, адпаведна з яго адносінамі да горада.

У. Пракапцоў. Мой Віцебск. 2014 - 2015 гг.
У. Пракапцоў. Мой Віцебск. 2014 – 2015 гг.

На адкрыцці выставы з віншавальнымі прамовамі выступалі намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок, дырэктар Віцебскага мастацкага музея Вольга Акуневіч, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Алёна Жукава, мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі. У прыватнасці, Алёна Жукава, якая ведае Уладзіміра Пракапцова з яго студэнцкіх гадоў, гаварыла, што ўжо ў тыя гады ён зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку, і адзначыла мэтанакіраванасць, якая яму была заўсёды ўласцівая.

Выступае Алёна Жукава
Выступае Алёна Жукава

А за дзень да ўрачыстага адкрыцця выставы юбіляр правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў прэсы. Ён распавядаў аб сваім асабістым успрыманні Віцебска, пра годы вучобы на мастацка-графічным факультэце, пра разнастайнасць сваіх цяперашніх заняткаў, а таксама выказаўся аб культурнай значнасці работы музеяў на сучасным этапе беларускай гісторыі.

“Худграф” як месца асобаснага станаўлення

“Худграф”, як прызнаўся Уладзімір Пракапцоў, аказаў на яго асобаснае станаўленне вырашальную ролю. Уздзеянне “худграфа” надало важны характар інтэгратыўнасці ў яго далейшай дзейнасці:

На папярэдніх праглядах у Тэатральна-мастацкі інстытут я проста не дабраў некалькі балаў, і я не праходзіў па конкурсу. І тады я вырашыў падаць дакументы на мастацка-графічны факультэт ў Віцебску. Канешне, мабыць у Мінску я набыў бы адукацыю больш “салідную”, трывалую, хаця як сказаць… Тут, на мастацка-графічным факультэце была шырокая агульная адукацыя: і псіхалогія, і іншыя дісцапліны, таму ўсё гэта я ўспамінаю з вялікай удзячнасцю, таму што я атрымаў вельмі фундаментальную адукацыю. Нас рыхтавалі як педагогаў, і выкладаліся маляванне, чарчэнне, працоўнае навучанне. Я лічу, што ўсе мастакі, якія закончылі мастацка-графічны факультэт, яны больш, на мой погляд, адукаваныя ў тым плане, што яны шырокія спецыялісты.

Трэба адзначыць, што ўздзеянне “худграфа” адбілася і на фарміраванні аблічча сучаснай Віцебскай мастацкай школы. Кажучы аб непаўторнасці гарадской аўры, Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што віцебскім мастакам прысутны нястомны творчы дух. Ён падкрэсліў, што ў Віцебску “самая актыўная суполка беларускіх мастакоў”.

Сярод наведвальнікаў - вядомыя прадстаўнікі Віцебскай мастацкай школы
Сярод наведвальнікаў – вядомыя прадстаўнікі Віцебскай мастацкай школы

Супрацоўніцтва “дзвюх сталіц”

Нездарма Віцебск часта называюць “культурнай сталіцай Беларусі”. Музейная дзейнасць з’яўляецца тут таксама вельмі шырокай і крэатыўнай, як і ў Мінску. І магчымасцей супрацоўніцтва ў музейнай справе паміж “дзвюма сталіцамі” вельмі шмат, улічваючы мінулае і сучаснае Віцебскай мастацкай школы. Уладзімір Пракапцоў гаварыў пра важнасць гэтых культурных сувязяў:

Канешне, радуе, што у нас у Рэспубліцы з’яўляюцца новыя музеі. Гэта вельмі важна. Сёння музей – ужо іншая установа культуры, чым тое, як гэта было дзесяць гадоў таму. Музей зараз выходзіць за сцены, на вуліцы. І канешне, радуе дзейнасць нашых віцебскіх калег, таму што тут не толькі музычная Мекка, але і музейная. Мы вельмі цесна супрацоўнічаем. У наступным годзе мы плануем выставу твораў Івана Хруцкага, вашага земляка і нашага земляка, у Віцебскім мастацкім музеі падчас Славянскага базару. Дарэчы, мы зараз у Віцебску будзем праглядаць творы Аляксандра Салаўёва, у наступным годзе у нас запланавана яго вялікая выстава. У нас актыўна выстаўляецца Віцебская мастацкая школа. Мы супрацоўнічаем з мастацтвазнаўцам Міхасём Цыбульскім, ён выступае і як куратар, і як навуковы кіраўнік.

У нас была выстава Фелікса Гумена ў рамках праекта “Настаўнікі і вучні”. Зараз у нас той жа праект, звязаны з Іванам Сталяровым. Рыхтуецца выстава Леаніда Анцімонава, і гэта ўсё кладзецца на Віцебскую мастацкую школу. Таму нам гэта трэба заяўляць больш актыўна, і ўпісваць ў нейкія навуковыя даследванні, бо Віцебская мастацкая школа аказала вельмі значны ўплыў на развіццё беларускага мастацтва ў цэлым, ХХ і XXI стагоддзяў. І сёння выпускнікі мастацка-графічнага факультэта, які я маю гонар прадстаўляць, уносяць актыўны ўклад у развіццё сучаснага беларускага мастацтва. Дай Бог, каб гэтая традыцыя працягвалася, і ўсё было на тым жа вялікім культурным узроўні.

Афіша выставы Уладзіміра Пракапцова у Віцебскім мастацкім музеі
Афіша выставы Уладзіміра Пракапцова у Віцебскім мастацкім музеі

Справы музейныя

Што датычыцца сталіцы адміністратыўнай і існавання Нацыянальнага мастацкага музея, Уладзімір Пракапцоў адзначыў наяўнасць вельмі шматлікіх напружаных планаў. Адбываецца вялікая будоўля, ідзе музеіфікацыя. Нацыянальны мастацкі музей рыхтуецца да арганізацыі III Музейнага форуму, плануецца паездка ў Таледа і заключэнне дагавораў аб супрацоўніцтве з іспанскімі калегамі, і, зразумела, увесь час адкрываюцца новыя выставы. Планаў, як кажуць, грамаддзё:

Столькі многа запланавана, што не хапае плошчаў, не хапае часу, і, зразумела, не хапае грошаў.

Аднак, улічваючы творчую актыўнасць Уладзіміра Пракапцова і яго калег, ажыццяўленне нават самых грандыёзных планаў ўжо не здаецца немагчымым:

Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі ідзе вельмі актыўная работа, будзе будавацца музейны квартал. Прэзідэнт нам літаральна пару тыдняў назад выдзеліў 60 міліярдаў рублёў з прэзідэнцкага фонду. З наступнага года будзе выдзелена яшчэ каля 150 міліярдаў. Гэта будзе зусім іншы музей, з новымі музейнымі тэхналогіямі, інфраструктурай, арт-кафэ, магазінам, сувенірнай прадукцыяй, гэта будуць і новыя залы з новымі тэхналагічнымі магчымасцямі. Адным словам, канешне, я лічу, што патрэбна ўкладываць сродкі ў музеі, таму што гэта навукава-адукацыйныя ўстановы.

Уладзімір Пракапцоў на прэс-канферэнцыі з журналістамі
Уладзімір Пракапцоў на прэс-канферэнцыі з журналістамі

Як мы ўжо казалі, сам Уладзімір Пракапцоў аб’ядноўвае ў сабе таленты адміністратыўнага дзеяча, мастака і мастацтвазнаўцы. Калі мы спыталі, чаго ўсё ж такі ў яго больш, ён адказаў без сумненняў:

Канешне, на першым месцы для мяне адміністратыўная работа. Я дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, і гэты музей займае асноўную частку майго часу. Зараз ідзе новае адраджэнне музея, гэта музейны квартал, стварэнне новай інфраструктуры.

Храм духоўны

На прэс-канферэнцыі Уладзімір Пракапцоў гаварыў аб значнасці работы музеяў для прэзентацыі Беларусі як культурнай прасторы, якой уласцівыя свае ўнікальныя асаблівасці і наяўнасць самасвядомасці:

Не будзе музеяў – мы не будзем ведаць, што было. Калі да нас прыходзіць наведвальнік з замежжа, ён хоча за пару часоў даведацца аб гісторыі вось гэтага краю. І калі ён прыйдзе у Нацыянальны мастацкі музей ці Нацыянальны гістарычны музей, ён можа за гэтыя дзве гадзіны зрабіць для сябе нейкія высновы, што гэта краіна багатая талентамі, з багатай гісторыяй і культурай.

На думку Уладзіміра Пракапцова, сучасная музейная дзейнасць не дае растварыцца ў цывілізацыйнай уніфікацыі, і, каб захаваць свае якасныя асаблівасці, трэба раскрываць невядомыя старонкі мінулага і беражліва ставіцца да культурных здабыткаў сучаснасці:

Музей – гэта духоўны храм, безумоўна, які выхоўвае людзей. Таму я лічу, што музейныя работнікі робяць сёння вельмі важную, вельмі карысную і вельмі неабходную справу, асабліва зараз. Бо ў эпоху глабалізацыі, эпоху Інтэрнэта, мы цікавыя іншым – сваёй гісторыяй, сваёй культурай. І калі мы будзем занадта інтэграванымі, мы не будзем цікавымі. Таму ўсё нам трэба рабіць, пачынаючы музейнымі экспазіцыямі, дэманстрацыяй народных промыслаў, народнага мастацтва, ну і, канешне, падтрымліваць нашых сучасных мастакоў, якія зараз перажываюць вельмі цяжкі момант. Сёння вельмі вялікі кошт арэнды, вельмі дорага каштуюць матэрыялы, але яны ствараюць нашу эпоху.

Выстава адкрыта!..
Выстава адкрыта!..
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий