«Я малю – не адпраўляйце майго сына на вайну з Украінай». Адкрыты ліст маці беларускіх салдатаў-тэрміноўцаў

Армия

Маці беларускіх вайскоўцаў, якія цяпер праходзяць тэрміновую службу, а таксама хлопцаў, якіх толькі прызываюць, аб’ядноўваюцца, каб не дапусціць адпраўкі сваіх сыноў на вайну ва Украіну. Жанчыны з розных куткоў Беларусі падпісваюцца пад калектыўным зваротам да начальнікаў вайсковых частак нашай краіны.

«Гатовыя закрываць сваймі целамі дарогу, каб не пусціць сыноў на гэтую вайну»

Сын Алесі з Клімавічаў з траўня мінулага года служыць у 147 зенітна-ракетным палку ў Бабруйску. Хлопцу 20 гадоў. Служыць яму яшчэ 9 месяцаў. Надоечы ён паведаміў сваякам, што 4 сакавіка ў іх пачынаюцца вучэнні ў Берасцейскай вобласці, недалёка ад мяжы з Украінай. Паедуць туды вайскоўцы ўжо 3 сакавіка. Маці баіцца, што гэта могуць быць зусім не вучэнні.

«У святле апошніх падзеяў я зразумела, што трэба нешта рабіць, аж да таго, каб ісці і закрываць сваймі целамі дарогу, каб не пусціць нашых сыноў на вайну, – кажа жанчына. – Нас спрабуюць пераканаць, што гэта проста вучэнні. Аднак тое самае мы чулі па тэлебачанні ад нашага прэзідэнта пра вучэнні з Расеяй, ён абяцаў, што мы ваяваць не будзем, а на наступны дзень з нашай тэрыторыі паляцелі ракеты. Верыць тут больш нікому нельга».

Начальнік бабруйскай часткі пераконвае маці, што ўсё будзе добра і спакойна, а вучэнні былі запланаваныя яшчэ раней, і ніхто нікуды не збіраецца адпраўляць хлопцаў. Аднак маці не вераць. Што рабіць – яны не ведаюць. Таму вырашылі напісаць адкрыты ліст начальнікам вайсковых частак. Да ініцыятывы Алесі далучыліся маці хлопцаў, якія служаць у іншых частках ці пакуль што не былі прызваныя.

«Гэты ліст будзе хоць нейкай кропляй, якая зможа нас апраўдаць, якая пакажа, што мы хоць нешта спрабуем зрабіць, – кажа Алеся. – Я цяпер тэлефаную знаёмым, сяброўкам, тым, пра каго я ведаю, што ў іх дзеці служаць, і іх прашу паведамляць сваім знаёмым. Я бачу сваю задачу, каб як мага больш маці падпісаліся, бо баяцца ўсе. Я, калі пачынала пра гэта размовы, баялася, што сутыкнуся з апраўданнем дзеянняў Расеі і падобнай рыторыкай, аднак пакуль што ніводная мама такога не сказала. Кожная кажа, што яна ў жаху, што вельмі перажывае. Абыякавых проста няма. Адна мама заявіла: я пайду на ўсё, каб гэта спыніць, бо сын у мяне адзін».

Алеся таксама распавяла, што з пачатку вайны вайсковая частка ў Бабруйску перайшла на ўзмоцнены рэжым аховы. Акрамя таго, салдатаў адпраўлялі ахоўваць вайсковы аэрадром у Бабруйску, а адна з маці распавяла, што, паводле ейнага сына, там жа, у ваколіцах аэрадрому, салдаты капалі акопы.

«Гэтай вайны не павінна быць. Тое, што робяць цяпер тыя, хто ва ўладзе, непрымальна, – кажа Алеся. – Ён, той, хто заве сябе прэзідэнтам, гуляецца лёсамі людзей, нібы яны нічога не вартыя. Так нельга. Я спадзяюся толькі на тое, што гэтаму чалавеку ўсё вернецца. Калі яго можна назваць чалавекам».

«Мы супраць гэтай братазабойчай вайны»

Пад лістом падпісваецца таксама Кацярына з Клімавічаў, нягледзячы на тое, што ейнаму 19-гадоваму сыну адпраўка на вучэнні пакуль што не пагражае – ён служыць у дарожна-маставой брыгадзе ў Жодзіне. Прызываўся разам з Алесіным сынам летась у траўні. Жодзінскую брыгаду не адпраўляюць на вучэнні, аднак 3 сакавіка яны выязджаюць на стрэльбішча.

«Я далучаюся да ліста, бо мяркую, што і нас гэта можна закрануць у блізкай будучыні, – кажа Кацярына. – Мы павінны спыніць гэта. Я вельмі асуджаю тое, што робіцца. Нічога добрага ў гэтай вайне няма. Маці цяпер усе баяцца. Сястра маёй калегі тэлефанавала ў частку і маліла, каб дзяцей нікуды не адпраўлялі. Начальнік яе нібыта заверыў, што ніхто і не збіраўся адпраўляць салдатаў-тэрміноўцаў на вайну».

19-гадовы сын Алены з Клімавічаў толькі нядаўна скончыў вучобу, хацеў паступаць у Вайсковую акадэмію, дзеля чаго яму далі адтэрміноўку. Але позву даслалі, ён мусіць ісці ў ваенкамат ужо 3 сакавіка.

«Я баюся, што з ваенкамату яго могуць забраць, пагрузіць і вывезці, і мы не будзем нічога ведаць, – кажа маці. – Таму я далучаюся да гэтага ліста. Я бачу ў інтэрнэце, што адбываецца ва Украіне. Больш за тое, у нас там сваякі жывуць, у Мікалаеве. Іхны горад абстрэльваюць апошнія два дні, але яны хоць змаглі пераначаваць удома – некалькі начэй запар хаваліся па ўкрыццях».

Алена катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў вайне ва Украіне.

«Мы ў жаху ад таго, што адбываецца, – кажа жанчына. – Мы супраць удзелу ў гэтым нашых сыноў, братоў, мужоў. Мы супраць гэтай братазабойчай вайны».

«У вайне вінаваты той, хто яе пачынае»

Прыводзім тэкст ліста:

«Камандзіру часткі/батальёну.

Я звяртаюся да вас як маці салдата, які ў дадзены момант знаходзіцца ў Вашым поўным распараджэнні.

У мяне баліць душа! За майго сына. Сына, якога я 9 месяцаў таму адправіла ў армію на абарону сваёй краіны, свайго дому, нашых старых і дзяцей.

Давяраючы яго Вам, я ведала, што Вы з яго зробіце сапраўднага мужчыну, які зможа пераадольваць цяжкасці. Але я не ведала, што я буду адчуваць за яго страх.

Я баюся! Баюся цяпер гулу над сваім домам, які чую па вечарох. Баюся глядзець навіны. Баюся тэлефанаваць сястры мужа ў Расею, у якой сын цяпер на тэрміновай службе. Баюся застацца адна, таму што я пачынаю плакаць. Думаю, Вы здагадваецеся, чаму! Я баюся згубіць сына назаўсёды…

Яшчэ ў дзяцінстве я яму казала: «Беражы сябе! Ты ў мяне такі адзін і такога больш няма. Я не дастану з шафы запаснога, дзе стосікам, як майкі, ляжаць мае сыночкі. Не! У жыцці так не бывае. Ты ў мяне адзін. Беражы сябе!»

Я вучыла яго быць добрым, сумленным, нікому не зайздросціць і не трымаць крыўды.

Падлеткам я вучыла яго рабіць высновы з усяго, што здараецца з ім. Думаць сваёй галавой і не слухаць «дарадцаў», прымаць рашэнні самастойна.

Калі ён стаў юнаком, вучыла жыць сумленна. Бо можна схлусіць каму заўгодна, але толькі не сабе. Зрабіць учынак дзеля імгненнай выгады, а потым жыць з ранай у душы ўсё жыццё. І ніякія апраўданні ўжо не дапамогуць.

У любым узросце я вучыла яго адказнасці за свае словы, дзеянні і ўчынкі.

Спадзяюся, што і Вашая мама Вас вучыла падобнаму.

Цяпер, у арміі, ён не можа цалкам адказваць за свае дзеянні. Вялікая адказнасць ляжыць на Вас. За даручэнні, якія Вы яму даяце, за заахвочванні, якімі вы яго ўзнагароджваеце.

І ўжо на Вас ляжыць адказнасць, ці будзе мой сын накіраваны ў гарачую кропку. Я прашу, малю Вас не адпраўляць майго сына на ваенныя дзеянні, а менавіта – ва Украіну, дзе цяпер ідзе вайна. Для нашай краіны няма прамой пагрозы. Мы не агрэсары. Беларусі заўсёды славіліся дабрадушнасцю. Няхай нашая краіна застаецца такой: мірнай, чыстай, адкрытай.

Я хачу, каб Вы зразумелі, што Вашыя салдаты – гэта нашыя дзеці! Іхныя ўзнагароды – гэта Ваш і наш гонар! Страх за салдата – гэта наш агульны боль! Смерць сына – мая смерць…

Вельмі спадзяюся, што гонар і годнасць – гэта не пустыя словы для Вас. Я ведаю, што загады не абмяркоўваюцца. І ведаю, што злачынныя загады не выконваюцца. А ў вайне вінаваты той, хто яе пачынае.

Спадзяюся, што ў вас хопіць моцы, мужнасці і розуму не пускаць майго сына на смерць.

02.03.2022 году. Маці беларускага салдата».

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий