Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх пра свайго сябра, Давіда Сімановіча

Авторские статьи

некалькі штрыхоў з прыватнага жыцця

Не так даўно мы размаўлялі з Інай Гузавай, якая больш дзесяці гадоў была спадарожніцай  Давіда Сімановіча. Яе аповед пра знаёмства і апошнія моманты жыцця паэта можна прачытаць тут.

А сёння пра свае стасункі з Давідам Рыгоравічам расказваюць яго блізкія і добрыя сябры – Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх.

Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх пра свайго сябра, Давіда Сімановіча
Давід Сімановіч з Вольгай Дарэнскіх і Міхаілам Шмерлінгам. Фота з прыватнага архіва Іны Гузавай

 – Міхаіл, а калі Вы пазнаёміліся з Давідам Сімановічам?

Гэта быў 1965 год, калі я быў на практыцы ў абласной газеце «Віцебскі рабочы». Мне патэлефанаваў рэдактар і папрасіў зрабіць фота Давіда Сімановіча, бо ў газеце ішоў матэрыял пра яго.  

Я патэлефанаваў Давіду Рыгоравічу з просьбай аб сустрэчы, і ён запрасіў мяне дадому на вуліцу Фрунзэ. Мне пашанцавала: я трапіў на сямейную ўрачыстасць – Дзень нараджэння дачкі Лены. Там я нарабіў шмат здымкаў: і Давіда Рыгоравіча, і Эмы Васільеўны, і Лены.

З гэтага пачаліся нашыя добрыя адносіны, а неўзабаве Сімановіч запрасіў мяне супрацоўнічаць з абласной тэлестудыяй. І я пачаў працаваць там: рабіў застаўкі, здымаў краявіды, выконваў штодзённую працу.

У тыя гады тэлестудыя практыкавала частыя выезды на раёны для сустрэч з тэлегледачамі на месцах. У гэтым важную ролю сярод іншых супрацоўнікаў студыі адыгрываў Давід Сімановіч. Абавязкова наладжваўся паэтычны вечар, на які Давід Рыгоравіч прывозіў сяброў абласнога літаратурнага аб’яднання з Віцебска і запрашаў мясцовых паэтаў. Я рабіў на такіх сустрэчах дзясяткі фотаздымкаў.

Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх пра свайго сябра, Давіда Сімановіча
Уладзімір Папковіч, Давід Сімановіч і Анатоль Канапелька. Фота з прыватнага архіва аўтара

– Калі працягваць тэму працы з літаратурнай моладдзю, то гэтае пытанне сёння асабліва актуальнае. Як ставіўся Давід Рыгоравіч да літаратурнай змены?

Сімановіч ведаў у раёнах кожнага літаратурнага «пачаткоўцу» і, дзякуючы свайму бездакорнаму літаратурнаму густу, ён не баяўся знаёміць тэлегледачоў з маладымі «парасткамі».

Па памяці я магу згадаць вядомыя цяпер прозвішчы: Сяргея Законнікава, Cяргея Рублеўскага, Пятра Ламана, Уладзіміра Немізанскага, Навума Гальпяровіча, нават цэлыя суполкі з Полацка (Наваполацка), Оршы, Пастаў, Глыбокага… Здаецца, пакаленні прайшлі праз Віцебскую тэлестудыю, і Давід Сімановіч быў для іх «хросным бацькам».

– Вольга, а што Вы памятаеце пра тыя часы? 

Я хачу згадаць пра семінары творчай моладзі, якія праводзіліся звычайна недзе ў доме адпачынку ці ў камсамольскім лагеры, дзе збіраліся не толькі літаратары, але і мастакі, кампазітары, музыкі, спевакі, акцёры… На адным з такіх семінараў я і пазнаёмілася з Давідам Рыгоравічам. І. між іншым, з маім мужам таксама. Ён чамусьці мяне тады вельмі шмат фатаграфаваў.

Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх пра свайго сябра, Давіда Сімановіча
З Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным. З прыватнага архіва Іны Гузавай

– Вольга, наколькі я ведаю, Давід Сімановіч сябраваў з кампазітарамі, напрыклад Якавам Касалапавым, Нінай Усцінавай, Барысам Насоўскім, Маркам Фрадкіным. 

Давід Рыгоравіч да апошніх дзён быў у сяброўскіх адносінах з Ігарам Лучанком, з якім яны разам напісалі гімн Віцебска, але «кампетэнтнае» журы тую песню чамусьці не прапусціла.

Барыс Насоўскі, які працаваў у тэатры імя Якуба Коласа, зрабіў некалькі цудоўных песень на словы Давіда Сімановіча. Іх сумесная «Песня о витебских мостах» – адна з лепшых, на мой погляд, кампазіцый пра наш горад:

Словно юности нашей песни

Над Двиною взлетают мосты.

Я иду через город чудесный

І со мною, любимая, ты…

Да гэтага часу вучнямі Крынкаўскай сярэдняй школы, дзе пачынаў сваю працу Давід Сімановіч, выконваецца «Песня о маленькой станции»:

Вьются рельсы, как тропинки,

на Москву и Ленинград.

«Здравствуй, станция Крынки!» –

проводницы говорят.

 

Сімановіч любіў музыку Моцарта, Чайкоўскага, Шапэна. На розных сустрэчах, прысвечаных Давіду Рыгоравічу, на прэзентацыях яго кніг, на юбілейных вечарах заўсёды гучала музыка і песні на яго словы ў выкананні маладых сяброў, прыхільнікаў яго паэзіі: Сашы Шыпікава, Славы Савінава, Лёні Маранава. 

Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх пра свайго сябра, Давіда Сімановіча
Давід Сімановіч з Маркам Фрадкіным. Фота з уласнага архіва Іны Гузавай

 – Мне сустрэўся верш у адной з кніжак Давіда Сімановіча, прысвечаны нейкай «Ольге». Вольга, ці не Вам?

Так, гэты верш ён прысвяціў мне. Гучыць ён так:

Сыграй мне старенький прелюд,

давно другими позабытый.

Пусть будут музыкой залиты

дома, а стены подпоют.

У стен мелодия своя –

за много лет они впитали

всё то, что люди повторяли,

и стали музыкой слова.

Они сейчас её прольют,

по капле выпустят на волю.

Как нашу жизнь, с огнём и болью,

сыграй мне маленький прелюд.

Давід Рыгоравіч і сам вельмі любіў спяваць, меў прыемны голас і выдатны слых. Калі збіраліся разам на яго Дзень нараджэння, ён абавязкова спяваў песні ваенных гадоў, чытаў вершы свайго «хроснага бацькі» Канстанціна Сіманава.

Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх пра свайго сябра, Давіда Сімановіча
Давід Сімановіч з Яўгенам Яўтушэнкам. Фота з прыватнага архіва Іны Гузавай

  Дарэчы, Міхаіл, што Вы можаце сказаць пра ўзаемаадносіны Давіда Сімановіча з Канстанцінам Сіманавым?

Да канца сваіх дзён Давід Рыгоравіч падкрэсліваў, што вырашальную ролю ў яго літаратурным лёсе зрабіў Канстанцін Сіманаў.

У верасні 1954 года ў Мінску адбыўся чарговы З’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ганаровым госцем на ім быў Канстанцін Сіманаў, які толькі што быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Новый мир».

Давід Сімановіч доўга хваляваўся, перш чым падысці да знакамітага госця з Масквы. Але нарэшце ён пераадоліў сваю нерашучасць і папрасіў паслухаць яго вершы, сярод якіх былі і «Стихи о художнике Левитане», дзе ёсць такія радкі:

Вчера предложили ему

Покинуть Москву как еврею,

а завтра предложат тюрьму,

а может, – верёвку на шею.

 

Царю нету дела, что Русь

святынею он почитает,

что родины светлая грусть

в глазах его чёрных сияет.

 

Канстанцін Міхайлович сказаў тады, што вершы цікавыя і запрасіў прыслаць іх на адрас «Новага міра». Так творы Давіда Сімановіча былі апублікаваны ў №10 за 1955 год гэтага часопіса.   

Таксама і я хацеў згадаць яшчэ два эпізоды з апошніх месяцаў жыцця Давіда Сімановіча. У 2013 годзе яго малады сябра Саша Шыпікаў на сваёй машыне павёз паэта праз Магілёў на развітанне з малой радзімай, у Нароўлю. Па дарозе Давід Рыгоравіч папрасіў Сашу завярнуць на Буйніцкае поле, дзе рассыпаны попел Канстанціна Сіманава. Там у апошні раз ён схіліў галаву перад тым, хто даў яму першую пуцёўку ў вялікую літаратуру.

Калі Давід Сімановіч быў ужо зусім слабы, знаходзіўся ў хоспісе, ён папрасіў Іну Гузаву прынесці яму невялічкі зборнічак вершаў Канстанціна Сіманава з серыі, якую выпускала, здаецца, выдавецтва «Молодая гвардия». Ён перачытваў любімыя вершы свайго «хроснага бацькі».  Гэтую кніжачку паклалі ў яго труну.

 – Дзякую за размову. 

Міхаіл Шмерлінг і Вольга Дарэнскіх пра свайго сябра, Давіда Сімановіча
Давід Сімановіч з Андрэем Вазнясенскім. Фота з уласнага архіва Іны Гузавай

Працяг размовы з Міхаілам Шмерлінгам і Вольгай Дарэнскіх чытайце праз тыдзень.

А яшчэ колькі цікавосткаў пра літаратурнае жыццё ў Віцебску ў 1970-я гады і тую ролю, якую адыгрываў у ім Давід Сімановіч, можна даведацца тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. Туся

    Благодарю за статью. Столько тяжёлых новостей, столько негатива в СМИ. И очень важное теряется за этим. Давид Симанович – символ Витебска, и это очень важно успеть обобщить, собрать рассказы о нем, чтобы наши дети могли прочитать не скупые даты биографии, а узнать побольше о том, каким человеком он был. Ещё очень интересно было бы почитать об Анатолии Конопелько, вспомнить о нем.

    Ответить