Site icon Витебский Курьер

У Віцебску прэзентавалі альманах «Ратуша»

Значная падзея адбылася 17 снежня ў абласным краязнаўчым музеі: тут прэзентавалі літаратурны альманах «Ратуша», куды ўвайшлі творы вядомых паэтаў і празаікаў Віцебшчыны.

На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыс Пятровіч, яго намеснік і рэдактар альманаха Алесь Пашкевіч, бард Алесь Камоцкі. З прывітальным словам да гасцей звярнулася старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Анастасія Лазебная, паэтэса і празаік, а таксама Алесь Пашкевіч.

Барыс Пятровiч, Алесь Пашкевiч, Алесь КамоцкI.
Анастасiя Лазебная

Прысутныя адзначылі, што падрыхтоўчая праца да публікацыі вялася даволі сур’ёзная, сярод аўтараў вызначылася шмат сапраўдных талентаў, таму і альманах атрымаўся на славу. Ёсць сярод творцаў і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары. Болей за ўсё ў зборніку вершаў, а проза гучыць, дапаўняючы іх. Ёсць і п’еса для дзяцей Марыі Баравік, вершаваная азбука ад Кастуся Севярынца. У будучым чакаецца, што будзе болей аўтараў, не 37, а за 50.

Барыс Пятровіч, старшыня Саюза пісьменнікаў, распавёў, што яму спадабаліся маладыя аўтары, за якімі можна ўбачыць будучыню беларускай літаратуры. У Саюза зараз ёсць магчымасць падтрымаць таленты, запрашаючы іх у школу маладога літаратара на майстар-класы.

Франц Сіўко прачытаў свае вершы і паабяцаў кінуць паліць у гонар «Ратушы».

Акцёр тэатра «Лялька» Юрась Франкоў прадэкламаваў вершы Уладзіміра Папковіча. На жаль, славутага перакладчыка не было на вечарыне.

Cа сваімі творамі пазнаёмілі гасцей Марыя Баравік і Людміла Сіманёнак.

Людмiла Сіманёнак
Марыя Баравiк

Міхась Мірановіч павесяліў невялічкімі сатырычнымі вершамі-фельетонамі пра каханне і сямейнае жыццё.

Завяршылася прэзентацыя прыгожымі рамансамі ў выкананні барда Алеся Камоцкага.

Exit mobile version